Меліярацыя Палесся: што гэта было і што далей?
У Беларусі сёлета 3 чэрвеня адзначаецца як Дзень меліяратара. Колькі пачуццяў і эмоцый выклікае гэтае слова “меліярацыя”. Асабліва, калі знаходзішся недзе пасярод палескіх палёў і назіраеш, як вецер носіць сапраўдныя пясчаныя буры. Нібы ці-то ў Азіі, ці-то ў Афрыцы. На тарфяніках падымаюцца чорныя дзіркі – віхуры, сапраўднае амерыканскае тарнада. Наўпрост з зямлі паўстае сцяна…
Што ўжо казаць пра розныя рэкі, якія цяпер і рачушкаю не назавеш. Дзівішся, што яшчэ паўстагоддзя таму тут баржы груз сплаўлялі, а зараз і па калена выды не будзе. Месцамі паглядзіш, дык бы мангольскі стэп. Шмат нараканняў, ды яны не зусім гнеўныя. Прыходзілася ад прадстаўнікоў розных экалагічных аб’яднанняў чуць сапраўды праклёны ў бок тых, хто так паздзекаваўся з нашай роднай прыроды. Нібы дзяўчыне ў твар плюхнулі кіслатой…
Але няўжо ўсё так адмоўна? Вось катэгарычнае непрыманне і аніяк інакш. Канешне не, меліярацыя на Палессі была патрэбнай. Само па сябе паняцце не выклікае негатыву. Хто ж супраць паляпшэння зямельных ландшафтаў, комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне гідралагічных, глебавых і агракліматычных умоў зямель? Усе падтрымаюць паляпшэнне зямельных рэсурсаў, каб выкарыстоўваць іх больш эфектыўна. Гэта вельмі цудоўна.
Бясконцае “палескае мора”, 1934 год. Луіза Арнер Бойд
Ад каралевы да караля
Бадай у 98% насельніцтва краіны меліярацыя палескага краю цалкам асацыюецца з савецкім перыядам, што справядліва, але пачыналася ўсё значна раней і з іншымі падыходамі да справы. Першыя крокі ў гэтым напрамку на Пінскім Палессі паспрабавала зрабіць яшчэ ў XVI стагоддзі каралева Бона Сфорца, якая ўладарыла на Піншчыне з ініцыятывы князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта I Старога. То былі хучэй захады, каб зменшыць шкоду ад затапленняў.
Вялікая колькасць вады, непраходных багнаў у пінскім краі турбавала і мясцовага падстарасту Мацея Бурымовіча. Гэты дзяржаўны дзеяч сапраўды здолеў здзівіць сучаснікаў, сярод якіх быў сам кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх наведаў Пінскі павет у верасні 1784 года. Яго суправаджаў вядомы гісторык, ураджэнец Піншчыны Адам Нарушэвіч. Ён рабіў натакі па візіце, і дзякуючы гэтаму да нас, між іншага, дайшоў наступны цікавы факт.
У маёнтку Крысцінава, які належыў Бутрымовічу і знаходзіўся пасярод балот, перад Панятоўскім паўстаў сапраўдны цуд. Сядзіба, шыкоўны сад, шлюзы-рэгулятары, якія адводзілі паводкавыя воды, а ўлетку наадварот падавалі неабходную колькасць вады для арашэння. Побач з палацам канал, па якім з дапамогаю гідратэхнічных збудаванняў хадзілі невялікія судны. Кароль быў прыемна ўражаны, а Бутрымовіч даводзіў яму патрэбу выкарыстання палескіх рэк для развіцця экакомікі рэгіёна ды неабходнасці меліярацыйных прац на карысць аграрнай справы. Варшава пагадзілася аказаць падтрымку маштабным праектам і рэалізацыя ўжо пачыналася, але гады былі цяжкімі для самой Рэчы Паспалітай. Неўзабаве дзяржава знікне з палітычнай мапы свету. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі.
Дзе калісьці хадзілі параходы – цяпер “ручаі”, 1934. Луіза Арнер Бойд
З часоў Расеі праз БНР у міжваенную Польшчу
У 1870-х гадах Аляксандр ІІ разам са сваім урадам ажыццяўляў у імперыі шэраг рэформ, не засталася па-за ўвагай і сельская гаспадарка. Вось тады зноў загаварылі пра неабходнасць меліярацыі ў 6 губернях. Нас цікавіць толькі Менская і Валынская. Сюды ў 1873 годзе царскі ўрад накіраваў адмысловую Заходнюю экспедыцыю на чале з генералам ад інфантэрыі, геадэзістам Іосіфам Жылінскім.
Яму давялі, што ў гэтых мясцовасцях шмат вады, якая займае вялікую прастору, псуе лясы, замінае развіццю жывёлагадоўлі і земляробству. Таму неабходна распрацаваць такі план, каб ухіліць чыннікі, якія выклікаюць стварэнне балот, раўнамерна размеркаваць ваду на плошчы Палесся і зрабіць правільнае водаабарачэнне. Чакалася, што гэты падыход вызваліць забалочаную прастору ад лішкаў вады. Жылінскі прадставіў такі праект і атрымаў згоду на ягоную рэалізацыю.
Меліяратары за царскім часам, фота tut.by
Чвэрць стагоддзя Іосіф Жылінскі і ягоная каманда займалася меліярацыяй на Беларусі. З 1873 па 1898 гады пабудавана каля 5 тысяч кіламетраў асушальных каналаў, 549 мастоў, 30 шлюзаў. Ад гэтай колькасці зробленага 25% прыходзілася на сучаснае беларускае Палессе. Акрамя гідратэхнічных прац, праводзілася даследаванне па вырошчванні на гэтых землях азімых і яравых зерневых культур, кармавых траў, агародніны.
У 1898 годзе вынікі сваёй дзейнасці на Палессі старшыня Заходняй экспедыцыі адзначыў наступна: “Зробленыя да гэтага часу каналізацыйныя работы можна лічыць дастатковымі толькі пры цяперашніх эканамічных умовах краіны, але па меры змянення гэтых умоў з часам, па меры павелічэння насельніцтва і ўздыму культуры краіны будзе з’яўляцца непазбежная неабходнасць у паступовым пашырэнні і дапаўненні існуючай сеткі каналаў. Зробленую да гэтага часу каналізацыю, незалежна ад карысці, якую яна прыносіць цяпер, нельга разглядаць як работу, цалкам завершаную. Гэта толькі пакладзены пачатак для такога роду работ у будучым”.
Сапраўды працу Жылінскага ў Палескай нізіне патрохі працягвалі. Так, у 1912 годзе ў Лахве (сучасны Лунінецкі раён) стварылі балотную станцыю – першую даследчую ўстанову на Палессі ў межах праграмы па меліярацыі краю. Вялікая Сусветная вайна, рэвалюцыі і грамадзянская вайна на абшарах Расейскай імперыі, станаўленне Польшчы і ўваход у яе заходніх зямель Беларусі – больш чым на 20 гадоў перапынілі працэс меліярацыі на Палессі.
З дзяцінства на вадзе, 1934 год. Луіза Арнер Бойд
Нельга не адзначыць, што і ў Беларускай Народнай Рэспубліцы выказваліся за асушэнне “краіны багнаў”. Прэм’ер-міністр БНР Раман Скірмунт лічыў неабходным аб’яднаць у межах новаўтворанай Беларускай дзяржавы ўсе этнічныя землі ды імкнуўся пабудаваць квітнеючую аграрную рэспубліку Еўропы. Меў намер зрабіць з беларускага селяніна адказнага гаспадара на ўласнай зямлі. Сыходзіў з кансерватыўных поглядаў, разумеючы патрэбу ў сацыяльных зменах і адносінах паміж сялянствам і заможным класам. Гісторык Станіслаў Рудовіч пісаў: “Скірмунт спадзяваўся прыцягнуць германскі капітал і тэхніку для асушэння Палесся, што, на яго думку, паспрыяла б хуткаму развіццю жывёлагадоўлі і дазволіла б нават ажыццяўляць вытворчасць кармоў на экспарт”.
У міжваеннай Польшчы да меліярацыі Палесся вярнуліся ў 1930-х гадах, стварылі нават адмысловую ўстанову ў Варшаве з філіяламі на Берасцейшчыне. Гэты момант увосень 1934 года ў ходзе навуковай экспедыцыі па Піншчыне адзначыла сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд.
“Дзве ўмовы могуць паўплываць на ўздым Пінска: змена адносін з суседнімі Саветамі і развіццё самога рэгіёна, што адбудзецца ў выніку меліярацыі балот, запраектаванай польскім урадам. Мы былі сведкамі ажыццяўлення двух велізарных меліярацыйных праектаў у Еўропе – дрэнажавання Зюйдзэе і Пантыйскіх балот, але задачы, якія стаяць перад Дэпартаментам па меліярацыі Палесся, яшчэ больш значныя. Шмат часу пройдзе, пакуль пустынныя прасторы пінскіх балот зменяцца ўрадлівымі палямі, і яшчэ адзін некрануты куток стане ўсяго толькі фактам гісторыі”, – з нататак даследчыцы.
Пінкавічы (Пінскі раён) – верагодна, будаўніцтва па лініі Бюра Меліярацыі Палесся, 1934 год. Луіза Арнер Бойд.
БССР: перыяд рашучага ўдару па рэках, глыбокага асушэння, аглушальнай меліярацыі
Менавіта на 1960-1980-я гады прыпадае маштабная меліярацыя Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Было асушана звыш 2 мільёнаў гектараў. Да гэтай справы ў краіне Саветаў падышлі канкрэтна і з размахам. У 1966 годзе ў Пінску ўтворана Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі – Палессевадбуд. Гэтую інстытуцыю сапраўды можна назваць “дзяржава ў дзяржаве”. Арганізацыя мела пад сабою вялікую сетку падначаленых устаноў: будаўніча-рамонтныя, аздараўляльныя, сацыяльна-культурныя, медыцынскія, харчовыя, навукова-даследчыя і г.д. Толькі на адну Берасцейскую вобласць штогод на патрэбы Палессевадбуда з бюджэту выдаткоўвалася звыш 100 мільёнаў савецкіх рублёў.
Далей было болей. У 1972 годзе свет пабачыла беларускамоўная газета “Звязда на меліярацыі Палесся” – друкаваны орган ЦК КПБ, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР. Газета выходзіла рэгулярна, два разы на тыдзень, наклад вагаўся да 15 тысяч. На працягу трынаццаці гадоў яе рэдагаваў Іван Салавей. У адным з нумараў ён патлумачыў, навошта заснавалі выданне: “Каб прачытаць аб вялікіх пераўтварэннях, што адбываюцца на беларускім Палессі ў сувязі з шырокай, комплекснай яго меліярацыяй. Ужо з першага нумара, перад выданнем была пастаўлена задача грунтоўна і ўсебакова асвятляць ход меліярацыйнага будаўніцтва на Палессі, стварэння новых гаспадарак на асушаных землях, прапагандаваць перадавы вопыт, ярка і ўсхвалявана расказваць аб энтузіястах вялікай бітвы за абнаўленне і росквіт палескага краю”. Таксама Іван Салавей адказваў за выхад адмысловых часопісаў, якія складаліся з артыкулаў навуковых супрацоўнікаў станцый, што рабілі даследаванні глебы, ўраджаю, жывёлагадоўлі на “новых” землях. Выдаваліся і асобныя навукова-даследчыя кнігі па меліярацыі Палесся. Па сутнасці, яны сталі першым крокам на шляху да разваг і трывогі за мясцовую прыроду.
“Звязда на меліярацыі Палесся”, нумар прысвечаны выбарам у Вярхоўны і Мясцовыя Саветы дэпутатаў 1985 года. З архіва аўтара
Пра тое, што нешта з экалогіяй робіцца не так, загаварылі яшчэ ў канцы 1970-х – пачатку 1980-х гадоў. Зразумела, то былі, як казалі “ўнутрыпартыйныя справы”, але першыя званкі пайшлі. Недзе ў 1977-1978 гадах партыйныя функцыянеры вызналі для сябе, што існуюць гаспадарчыя, экалагічныя і іншыя праблемы, якія ўзніклі ў выніку інтэнсіўнага асваення і меліярацыі зямель Палескай нізіны. У сувязі з гэтым перад навукоўцамі паставілі задачу – зрабіць аналіз, правесці шырокія даследчыя працы па ацэнцы ўплыву меліярацыі на прыроду Палесся. Даклады экспертаў засведчылі шэраг памылак, якія наўпрост робяць асушаную глебу непрыдатнай для сельскай гаспадаркі і ў адмоўны бок змяняюць навакольнае асяроддзе. Наколькі прыслухаліся да гэтага высокія чыноўнікі, цяжка сказаць. Афіцыйна былі прынятыя рэкамендацыі і карэкціроўкі ў планы…
“Скід балотных вод з меліярацыйных тэрыторый глыбокімі канавамі вядзе да зніжэння ўзроўню грунтовых вод, змене воднага, атмасфернага і цеплавога рэжымаў асушаючых тэрыторый, змяняе склад фаўны, структуру раслінных асацыяцый, месцамі выклікае абмялення калодзежаў і рэк. Асушэнне балот негатыўна ўплывае на суседнія, не дзярновыя пяскі, лясныя масівы і сельскагаспадарчыя ўгоддзі на пясчаных глебах. Выраўноўванне і рэгуляванне рэк павялічвае іх нахіл і велічыню сцёку, што цягне за сабой паніжэнне ўзроўню вады ў іх або іх перасыханне. На асушаных тарфяніках падчас адсутнасці расліннасці развіваюцца працэсы тэрмічнага і мікрабіялагічнага распаду торфу, ветравой і воднай эрозіі…” – адзначалі навукоўцы.
Меліярацыя на Палессі, 1970-я гады, крыніца: tut.by
21 лютага 1985 года з нагоды 2000-га нумара “Звязда на меліярацыі Палесся” пісала: “За гады, што прайшлі з часу пачатку шырокай меліярацыі на Палессі, асушана больш за 1,3 мільёна гектараў зямель, у тым ліку 450 тысяч гектараў тарфянікаў. На 434 тысячах гектараў рэканструявана ўстарэлая меліярацыйная сетка і на 100 тысячах гектараў створаны арашальныя сістэмы. Культуртэхнічныя работы на землях, якія не маюць патрэбы ў асушэнні, выкананы на 341 тысячы гектараў. На новых землях пабудавана 10 саўгасаў, частка з якіх ужо дае прадукцыю, будуецца 25 гаспадарак з поўным комплексам вытворча-гаспадарчых памяшканняў, жылых дамоў і сацыяльна-культурных і бытавых будынкаў…”.
Увогуле да 1985 года згодна з планам Кампартыі на Палессі мусіла быць асушана звыш 40% забалочаных зямель. Інфармацыя са старонак газеты “Звязда на меліярацыі Палесся” даводзіць, што план па асушэнні выкананы больш чым на 50%, але вось у астатнім – будаўніцтва саўгасаў, вадасховішчаў, дарог і іншай інфраструктуры, патрэбнай для аграрнага сектара, не зусім дацягвалі, але спяшаліся выканаць загады.
Цікава чытаць, з якім парывам “кіпела” міліярацыя:
“З натхненнем працавалі пакарыцелі палескай цаліны напярэдадні выбараў. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за мінулы год калектыву ўручаны пераходны Чырвоны сцяг райкома КПБ, райвыканкома, раённага камітэта галіновага прафсаюза і райкома ЛКСМБ. Высокія тэмпы мы не збаўляем і сёлета. За студзень аб’ём падрадных работ выкананы на 107,7 працэнта. Усюды пракладваецца асушальная сетка, узводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, карчуюцца драбналессе і хмызняк… Меліяратары горача адабраюць і падрымліваюць унутраную і знешнюю палітыку Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы. І цвёрда абяцаюць, што на іх клопаты аб міры, дабрабыце савецкіх людзей адкажуць шчырай, ударнай працай”, – урывак з артыкула “Каб мацнела Айчына”, аўтарства належыць Мікалаю Замойскаму, сакратару партыйнай арганізацыі ПМК-61 трэста “Пінскводбудмеханізацыя”.
Будаўніцтва асушальнага канала на Берасцейшчыне, фота bstu.by
Якая спадчына засталася нам?
Савецкая імперыя сыходзіла ў мінулае, але Палессевадбуд яшчэ працяглы час досыць добра працаваў нягледзячы на фінансавыя і арганізацыйныя цяжкасці, якія ў 1990-я гады бадай адчувала большасць арганізацый. У апошні год існавання СССР у адкрытую пачулася крытыка меліярацыі.
Гэтую праблему ў агітацыі актыўна выкарыстаў Іосіф Сярэдзіч, які ў сакавіку 1990 года балатаваўся ў Вярхоўны Савет БССР па Пінска-ўсходняй акрузе №133. Прынамсі ён абяцаў палешукам: выратаваць Прыпяць, Піну, Гарынь, Ясельду, усе іншыя вялікія і малыя рэкі і азёры – пэўна мелася на ўвазе ад меліярацыі. Канешне, гэта далёка не адзінае абяцанне кандыдата. Палешукі паверылі свайму хлопцу, Сярэдзіч паходзіць з вёскі Забараўцы, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Пінска. Падчас дэпутацтва ён займаў пасаду рэдактара “Народнай газеты” – друкаванага органа парламента.
Менавіта ў “Народнай газеце” ў 1991 годзе будзе надрукаваны артыкул знаўца палескай прыроды, эколага і фатографа Аляксея Дуброўскага. У публікацыі ён на ўсю краіну падняў экалагічныя праблемы Палесся. Рашуча і аргументавана асудзіў савецкую меліярацыю. Увогуле Дуброўскі за сваё жыццё напісаў звыш 100 артыкулаў па гэтай тэматыцы, а ў 2004 годзе выдаў асобную кнігу “Палігон”. Але ён прызнаваў, што палешукам абрыдла бясконцае балота: “Балоты на Палессі зусім нядаўна былі першым ворагам палешукоў. Колькі праклёнаў яны чулі, колькі жыццяў забралі, сёння ніхто не адкажа. Права на іхняе існаванне многія сталыя людзі і сёння адмаўляюць…”, – з фотаальбома “Край пад белымі крыламі”.
Пінская газета “Плошча”, якую выдавала мясцовая арганізацыя БНФ. На старонках “Плошчы” з 1996 па 1998 год друкавалася серыя артыкулаў Аляксея Дуброўскага. З архіва аўтара
Падводзячы вынік пад вышэй сказаным, бачна, што меліярацыя Палесся была неабходнасцю і непазбежнасцю. Край мусілі развіваць, ствараць камунікацыі, дарогі, паляпшаць умовы для аграрнага сектару, пра тое думалі ад часоў ВКЛ. Іншая справа, як ажыццявілі, у якім фармаце, з якім падыходам.
Савецкі меліярацыйны праект – гэта ўнікальная з’ява ў свеце, такога эксперыменту па асушэнні балот не было і пэўна не будзе… Міжнароднай супольнасці, за кошт нашага Палесся, паказалі, як нельга рабіць. Цяпер можна толькі ўяўляць, а як бы было ў Рэчы Паспалітай, калі б яна не знікла, а як бы было ў БНР, калі б рэспубліка ўтрымалася і г.д., але маем тое, што маем. На працягу дзесяцігоддзяў “краіна багнаў” стала палігонам для выпрабавання розных падыходаў па асушэнні, арашэнні і выкарыстанні вільготных угоддзяў.
Зыходзячы з гэтага, трэба разумець, што меліярацыя ў той ці іншай форме будзе надалей, але галоўнае – рабіць высновы з мінулага досведу, выпрацаваць праграму ўстойлівага развіцця рэгіёна і больш не ставіць эксперыментаў на прыродзе. Ёсць упэўненасць, што ўрок засвоены, але калі верыць некаторым эколагам, то рэха мінулай меліярацыі яшчэ доўга будзе чутно.
Вечар на пінскіх балотах. З архіва аўтара
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск