Мемарыял ахвярам сталінскага тэрору ў Паляях будзе пашыраны
5 траўня ўдзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” меркавалі сабрацца каля самаробнага мемарыяла ў Паляях, каб ушанаваць памяць расстраляных тут ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. На жаль, ва ўмовах эпідэміі каронавірусу давялося адмовіцца ад супольнай паездкі на жалобнае месца.
Ушаноўванне памяці будзе віртуальным – у Фэйсбуку, у групе “Хайсы- віцебскія Курапаты”, дзе цягам дня будуць размяшчацца матэрыялы пра трагічныя падзеі 1930-х гадоў у ваколіцах вёскі Паляі. Мясцовы жыхар Анатоль Ходзькін чуў пра масавыя расстрэлы ад дзеда:
– Сюды, у гэтае месца, вазілі на расстрэл, у 1937-38 гады. Тут ачапленне было, нікога сюды не падпускалі. Тут людзей расстрэльвалі, сцягвалі ў ямы. Наверх цягалі елкі з дзёрнам, каб нічога не было відаць.
Пра тыя падзеі нагадвае сёння самаробны мемарыял – некалькі драўляных крыжоў і адзін жалезны, 6-метровы, з надпісам “Ахвярам таталітарнага рэжыму”. За стварэнне мемарыялу ў такім выглядзе быў асуджаны і пакараны штрафам кіраўнік абласной структуры партыі БНФ Канстанцін Смолікаў:
– Мяне судзілі за тое, што я самавольна ўсталяваў гэтыя крыжы. Крыжы сказалі выкапаць, але мы не пагадзіліся. Ёсць ідэя ўсталяваць яшчэ памятны знак каля дарогі і алею з маленькіх крыжоў, каб была такая крыжовая дарога, накшталт курапацкай.
Ёсць прапанова абвясціць конкурс эскізаў для ўдасканалення мемарыялу ў Паляях. Але гэта будзе “народны мемарыял”: раённыя ўлады не прызнаюць тутэйшыя мясціны месцам масавых расстрэлаў ахвяр сталінізму і не лічаць яго вартым ушанавання і памяці.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск