Менчука асудзілі на 2 гады калоніі за 2 удары амапаўцу



У судзе Цэнтральнага раёну вынеслі прысуд 60-гадоваму Аляксандру Губейку, затрыманаму 4 кастрычніка, паведаміла «Вясна».

Суд прызнаў яго вінаватым у гвалце супраць міліцыянта. Паводле пацярпелага (са схаваным імем і прозвішчам), Губейка двойчы яго ўдарыў, каб адбіць пратэстоўца, якога міліцыянт збіраўся затрымаць. Міліцыянт сказаў, што пасля гэтага трапіў у шпіталь на «9-10 дзён». Губейка заявіў, што апынуўся ў месцы правядзення акцыі выпадкова, а пратакол, дзе напісана, што ён біў міліцыянта, падпісаў пад ціскам. Ён адзначыў, што ў яго некалі была складаная траўма пляча, пасля якога рука дрэнна функцыянуе, і таму ён не мог і не стаў бы біць амапаўца. Адвакат звярнуў увагу на шэраг супярэчнасцяў у справе.

Аднак суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Аляксандра Губейку вінаватым, адправіла яго ў калонію на 2 гады і пастанавіла выплаціць 2500 рублёў пацярпеламу.

Беларускае Радыё Рацыя