Менчука асудзілі на год «хатняй хіміі» за ўдар па бамперу машыны ДАІ



Суд Цэнтральнага раёна 17 снежня асудзіў па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) 46-гадовага мантажніка Паўла Янкоўскага за ўдар нагой па бамперу аўтамабіля ДАІ на нядзельным маршы „Народная інаўгурацыя”. Шкоду ацанілі ў 14 рублёў 82 капейкі.

Суддзя Юлія Густыр прызнала мінчука вінаватым і пакарала яго годам абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Паўла ўтрымлівалі пад вартай паўтары месяца і вызвалілі ў залі суда. «Вясна» распавядае пра суд.

Дзяржаўнае абвінавачванне па гэтай справе падтрымліваў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў. Сведкамі выступалі супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкаму Валерый Сяргееў (дадзеныя зменены) і супрацоўнікі Упраўлення ДАІ Мінгарвыканкаму Аляксандр Здановіч і Сяргей Мархаток.

Суд Цэнтральнага раёна Менска абвінаваціў Паўла Янкоўскага ў тым, што 27 верасня ён на перакрыжаванні вуліц Багдановіча і Машэрава каля “Белай вежы” нагой ударыў па бамперу аўтамабілся ГАІ, чым здзейсніў злоснае хуліганства.

Паўла Янкоўскага затрымалі 30 кастрычніка па падазрэнні па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — 339 (хуліганства) і 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі) па падзеях 27 верасня на нядзельным маршы «Народная інаўгурацыя». Але абвінавачанне па арт. 364 КК было знятае падчас следства, бо не знайшло свайго пацверджання. Амаль паўтары месяцы яго ўтрымлівалі пад вартай у турме ў Жодзіна. Павел распавёў, што ў гэты час яго паспелі асудзіць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 27 верасня. Суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (810 рублёў). У пастанове пазначылі «у суд не з’явіўся», хаця ў гэты час ён утрымліваўся пад вартай і фізічна гэта зрабіць не мог.

Сведка Валерый Сяргееў 27 верасня ажыццяўляў аператыўную здымку і зафіксаваў на фота, як 46-гадовы Павел падбег да аўтамабіля ГАІ і ўдарыў наском красоўка па задняму бамперу. Ці ўдзельнічаў абвінавачаны ў самім Маршы і ці выкрыкваў якія-небудзь лозунгі — гэты супрацоўнік міліцыі не ведаў.

Па сведчаннях супрацоўнікаў ГАІ, якія блакавалі дарогу каля “Белай вежы”, яны знаходзіліся ў аўтамабілі з нумарам 26-60 ММ7 і збіраліся з’язджаць з перакрыжавання, як адчулі ўдар ззаду па бамперу і ўбачылі Паўла Янкоўскага. Ад’ехаўшы на бяспечную адлегласць, яны выйшлі з машыны, агледзелі пашкоджанні і заўважылі драпіну, аб чым заявілі кіраўніцтву. У выніку быў складзены рапарт аб пашкоджанні аўтамабіля неўстаноўленай асобай. Працы па аднаўленню пашкоджанняў склалі 14 рублёў  82 капейкі.

На судзе Павел прызнаў віну. Ён сказаў, што сапраўды ўдарыў аўтамабіль ДАІ “на эмацыйнай глебе, у чым шчыра раскайвацца”.

З улікам станоўчай характарыстыкі Янкоўскага на працы, а таксама сумеснага пражывання з маці 79 гадоў і наяўнасці ў яго жонкі інваліднасці, пракурор Цвяткоў прасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе аднаго году абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і вызваліць яго ў залі суда. Суддзя Юлія Густыр прызначыла менавіта такое пакаранне.

spring96.org