Менчука затрымалі за бел-чырвона-белую скрынку ад тэлевізара на балконе
У Менску 26 красавіка па месцы жыхарства затрымалі і даставілі ў Ленінскае РУУС 27-гадовага Андрэя Пархоменку, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.
Адзначаецца, што прычынай затрымання стала скрынка ад тэлевізара LG у бел-чырвона-белай размалёўцы, якая ляжала на балконе. У міліцыі на мужчыну склалі пратакол па артыкуле 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Згодна з пратаколам, Пархоменка „ў неўстаноўлены перыяд часу прыняў удзел у пікетаванні, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона”.
Віну сваю мужчына не прызнаў, бо, паводле яго слоў, скрынку пакінулі мінулыя жыхары кватэры. У матэрыялах справы ёсць чорна-белае фота скрынкі, але на працэсе суддзя Юлія Інчына вырашыла запытаць у супрацоўнікаў РУУС каляровае відэа.
На відэа суддзя заўважыла, што на акне ў хлопца яшчэ вісіць нейкі малюнак, які мае белы і чырвоны колеры. Андрэй жа патлумачыў, што гэта герб Лепеля, на якім прысутнічаюць яшчэ сіні і жоўты колеры.
У выніку суддзя Інчына адправіла справу Пархоменкі „на дапрацоўку”.