Менчукі пераўтварылі кіламетры ў грошы
Ініцыятыва «Minskrun» сумесна з кампаніяй «Velcom» правяла дабрачынны масавы забег на 5 км у дапамогу дзецям-інвалідам з Івянца.
А 10-й гадзіне каля 300 удзельнікаў выйшлі на старт у парку каля Цэнтра алімпійскага рэзерву на вуліцы Каліноўскага. «Мы вырашылі прысвяціць гэты забег дапамозе дзецям,» — гаворыць Аляксандр Базулька, кіраўнік руху «Minskrun»:
— Наогул забегі Minskrun праходзяць кожную суботу. Усё гэта абсалютна бясплатна і кожны ахвотны можа зарэгістравацца і паўдзельнічаць у нашым забегу. Тыдзень таму нам споўніўся год, мы і зіму перажылі, і кожную суботу роўна а дзясятай ніколі забег не адмяняўся. Сёння сумесна з «Velcom» мы праводзім акцыю у дапамогу дзецям: за кожны кіламетр тыя хто прабег дораць дзецям дваццаць тысяч беларускіх рублёў.
«Сабраныя грошы будуць укладзены у пабудову спартовай пляцоўкі дзецям у Івянецкім інтэрнаце,» — дадаў Аляксандр Базулька. Фінішаваць у забегу здолелі 243 чалавекі. З забегу «VelcomBegom» стартавала кампанія па зборы сродкаў «Кіламетры Дапамогі». Для ўдзелу трэба прабегчы 5 кіламетраў, зарэгістраваць гэты факт з дапамогай адмысловага мабільнага прыкладання і змясціць скрыншот з датай у сацыяльныя сеткі. Адпаведны допіс трэба пазначыць хэштэгам #velcombegom или #велкомбегом. Дабрачынная акцыя працягнецца 28 і 29 траўня.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск