Менчукі пратэстуюць супраць незаконнага будаўніцтва
Жыхары дамоў па праспекце Незалежнасці 93 і 95 і вуліцы Талбухіна падалі заяву ў пракуратуру горада Менска на Таварыства з абмежаванай адказнасцю „Вецер”, якое збіраецца пабудаваць бізнес-цэнтр у ахоўнай зоне горада, у дварах дамоў, дзе жывуць пазоўшчыкі.
На судзе высветлілася, што тэкст з узгадненнем праекта з Міністэрствам культуры, які прадаставіў забудоўшчык, і тэкст, які працытаваў прадстаўнік Мінкульта ў судзе, зусім розныя.
Дакумент зарэгістраваны ў Мінкульце пад адной датай і адным і тым жа зыходным нумарам, кажа адзін з аўтараў заявы ў пракуратуру Аляксандр Жук:
– Сыходзячы з тэкста забудоўшчыка, было ўзгадненне выключна па вышыні. Васямнаццаць належных метраў былі выкананыя, а па ўсіх астатніх нормах парушэнняў не было. Паводле заключэння Міністэрства культуры, аказваецца была ўзята паўза ў Міністэрстве культуры для таго, каб высветліць, усё ж такі будаўніцтва ў гэтай ахоўнай зоне адпавядае праву ці не. Паколькі на руках у забудоўшчыка быў першы варыянт, дзе заключэнне прадастаўляць нібы ўжо і не трэба, будаўніцтва ішло поўнай хадой.
Жыхары просяць пракуратуру разабрацца, як магло здарыцца, што дакумент ад Мінкульту мае адрозны тэкст. Аляксандр Жук выказвае меркаванне, што ў справе мае месца службовы падлог, а гэта можа пагражаць забудоўшчыку крымінальнай справай:
– На наша справядлівае пытанне, як гэта можна патлумачыць, прадстаўнік Мінкультуры сказаў, што ў прынцыпе ён не ў курсе, як гэта адбылося, яны будуць разбірацца. Мы неадкладна адправілі заяву ў пракуратуру, бо праглядаюцца прызнакі, прынамсі на наш погляд, праглядаюцца прызнакі службовага падлога, а гэта ўжо крымінальнае злачынства. Адказ з пракуратуры мы пакуль яшчэ не атрымалі.
Суд Маскоўскага раёна Менска, дзе разглядаецца гучная справа, 7-га жніўня працягне слухаць спецыялістаў па справе, якія выдавалі дазвол на забудову. Чакаецца выступ прадстаўніка санітарна-эпідэміялагічнай службы.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя