Менгарсуд 25 студзеня разгледзіць касацыйную скаргу Дзмітрыя Крамянецкага



Менскі гарадскі суд 25 студзеня разгледзіць касацыйную скаргу фігуранта справы „Белага легіёна” Дзмітрыя Крамянецкага на Камітэт дзяржаўнай бяспекі за незаконны арышт і ўтрыманне пад вартай, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

14 снежня мінулага года суддзя суда Маскоўскага раёна Менска адмовіла Крамянецкаму ў задавальненні іска аб кампенсацыі маральнай шкоды за яго затрыманне і знаходжанне на працягу 9 дзён у СІЗА ў сакавіку 2017 года ў рамках крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў 25 сакавіка, на Дзень Волі, у Менску. Актывіст меў намер спагнаць на сваю карысць 10 тыс. рублёў. Адказчыкам выступаў прадстаўнік Міністэрства фінансаў.

Раней Крамянецкі накіраваў у КДБ скаргу на незаконнае ўтрыманне пад вартай, якая была перанакіраваная ў Следчы камітэт. СК спачатку пастанавіў прызнаць права актывіста на пакрыццё шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Аднак затым у СК пастанову адмянілі, спаслаўшыся на тое, што не з`яўляюцца органам, які вядзе крымінальны працэс. Пасля гэтага аналагічную скаргу Крамянецкага разгледзела Генеральная пракуратура. Наглядны орган падтрымаў рашэнне СК.

Папярэдняе пасяджэнне суда адбылося 13 снежня. Паводле слоў пракурора, затрыманне актывіста і змяшчэнне пад варту на дзевяць дзён Камітэтам дзяржбяспекі было абгрунтаваным, паколькі на той момант пацвярджалася доказамі, а само па сабе спыненне крымінальнай справы не можа быць падставай для прызнання права на кампенсацыю маральнай шкоды.

Крамянецкі быў затрыманы 23 сакавіка па падазрэнні ў „падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (т.зв. „Белага легіёна”). 2 чэрвеня КДБ вынес пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу Крамянецкага за адсутнасцю складу злачынства. Аналагічныя пастановы атрымалі яшчэ пяць актывістаў арганізацыі „Малады фронт”. 16 чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справа аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, частка фігурантаў якога абвінавачваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, перададзеная ў Следчы камітэт.

belapan.by