Менгарсуд адмовіўся адмяніць заключэнне пад варту адваката Максіма Знака



Менскі гарадскі суд 30 красавіка ў чарговы раз адмовіўся адмяніць заключэнне пад варту юрыста Максіма Знака. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў яго адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Як падкрэсліў Лаеўскі, мера стрымання павінна абгрунтоўвацца канкрэтнымі фактамі, якія паказваюць на намер абвінавачанага схавацца або перашкодзіць расследаванню, аднак у дачыненні да Знака „такіх фактаў няма”. „Гэта не перашкаджае суду пакідаць чалавека пад вартай, нават нягледзячы на тое, што з выстаўленага абвінавачання незразумела, што канкрэтна нібыта зрабіў абвінавачваны, у чым выявіліся яго дзеянні”, — адзначыў адвакат.

Паводле слоў Лаеўскага, пасля заканчэння бягучага прадаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай 9 мая абарона Знака будзе абскарджваць новае прадаўжэнне. „Не таму, што мы верым гэтым судам, а таму, што нельга пакідаць без адказу відавочна незаконныя і неабгрунтаваныя рашэнні, па якіх выбітны прадстаўнік юрыдычнай прафесіі пазбаўлены волі, — растлумачыў адвакат. — Інакш яны падумаюць, што мы спынілі барацьбу за чалавека, а гэта не пра нас, гэта супярэчыла б нашым перакананням”.

Член прэзідыўма Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні крызісу ў Беларусі, кандыдат юрыдычных навук адвакат Максім Знак быў затрыманы 9 верасня 2020 года, праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў. 18 верасня яму выставілі абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). У той жа дзень Знак, пратэстуючы супраць абвінавачання, абвясціў галадоўку, якая доўжылася 10 сутак.

10 лютага Знаку было выстаўлена яшчэ два абвінавачанні: у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).

9 сакавіка стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартай у СІЗА Знаку працягнуты на два месяцы — да 9 мая.

Праваабаронцы прызналі Максіма Знака палітвязнем.

БелаПАН