Менгарсуд адмяніў два штрафы журналістам-фрылансерам



Менскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб адмене штрафаў журналістам-фрылансерам Марыі Арцыбашавай і Сяргею Краўчуку за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам „Белсат”, які вяшчае на Беларусь, без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў (арт. 22.9 КоАП — незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ).

Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, рашэнне абвешчана 8 траўня. Фрылансары абскардзілі штрафы суда Цэнтральнага раёна сталіцы ў дачыненні да кожнага на 30 базавых велічынь (735 рублёў) ад 2 красавіка.

Гэта ўжо другі выпадак адмены такога рашэння судом другой інстанцыі. Так, Віцебскі абласны суд 25 красавіка адмяніў штраф журналісту-фрылансару з Глыбокага Дзмітрыю Лупачу за супрацоўніцтва з „Белсатам”.

У 2018 годзе журналісты-фрылансеры ў Беларусі прыцягваліся да адказнасці па арт. 22.9 КоАП 39 разоў, агульная сума штрафаў складае каля 30 тыс. рублёў. У мінулым годзе было 69 выпадкаў прыцягнення да адказнасці журналістаў па гэтым адміністрацыйным артыкуле, агульная сума прысуджаных ім штрафаў склала каля 53 тыс. рублёў.

belapan.by