Менгарсуд пакінуў без зменаў прысуд журналісткам «Белсата»
Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Дар’і Чульцовай і Кацярыне Бахвалавай, журналісткам «Белсата», і пакінуў прысуд без зменаў.
Кацярына Бахвалава і Дар’я Чульцова ў працэсе асабіста не ўдзельнічалі. Усіх, хто прыйшоў на працэс, а гэта больш за 20 чалавек, пільна даглядалі. У дарадчым пакоі судовая калегія правяла крыху больш за 20 хвілін. Пасля гэтага яна абвясціла сваю пастанову: пакінуць прысуд Кацярыне Бахвалавай (Андрэевай) і Дар’і Чульцовай без змены.
Летась 15 лістапада журналісткі вялі стрым з «Плошчы пераменаў». У той дзень іх затрымалі, затым асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 КаАП, а пазней распачалі ў дачыненні да журналістак крымінальную справа. У лютым адбыўся суд. Суддзя Наталля Бугук прысудзіла кожную да двух гадоў пазбаўлення волі.
Пад вартай журналісткі знаходзяцца ўжо больш за пяць месяцаў. Цяпер – у следчай турме ў Жодзіна.
За сваю працу журналісткі правядуць у калоніі агульнага рэжыму два гады.
Беларускае Радыё Рацыя