Менгарсуд пакінуў без змены прысуд грамадзянцы Швейцарыі Наталлі Хершэ



Прысуд у дачыненні да грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ пакінулі без зменаў, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд прайшло 16 лютага ў Менскім гарадскім судзе. Суддзя Алена Шылько пакінула прысуд без змены.

Адзначаецца, што саму Хершэ на судовае пасяджэнне не даставілі.

7 снежня 2020 года суд Савецкага раёна Менску прызнаў Хершэ вінаватай у супраціўленні супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 КК). Паводле прысуду, 19 верасня падчас несанкцыянаванай акцыі (жаночага маршу) каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага сілавіка, „падрапала яму твар, прычыніўшы тым самым цялесныя пашкоджанні”. Яна павінна выплаціць супрацоўніку МУС 1.000 рублёў. Жанчына віну не прызнала.

Беларускія праваабаронцы прызналі Хершэ палітычнай зняволенай.