Менгарсуд пакінуў без змены прысуд журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч



 Менскі гарадскі суд не задаволіў апеляцыю пракуратуры на прысуд журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч і пакінуў яго без змены, паведаміў партал.

19 траўня журналістка павінна выйсці на волю.

2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Менска прыгаварыў Барысевіч да шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 2.900 рублёў. Суддзя Святлана Бандарэнка прызнала яе вінаватай у падбухторванні да разгалошвання ўрачэбнай таямніцы (ч. 3 арт. 178, ч. 5 арт. 16 КК). Анестэзіёлага-рэаніматолага сталічнай бальніцы хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна, які праходзіў з ёй па адной справе, судзілі за разгалошванне ўрачэбнай таямніцы, што мела вынікам цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 178 КК). Ён прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на год і штрафу ў 1.450 рублёў.

12 сакавіка стала вядома, што пракуратура Менска апратэставала ў апеляцыйным парадку прысуд Барысевіч „з-за мяккасці прызначанага пакарання”. У той жа дзень абарона Барысевіч падала скаргу на рашэнне суда Маскоўскага раёна Менска. Абедзве скаргі Мінгарсуд разглядаў у рамках аднаго судовага пасяджэння.

Журналістка Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін былі затрыманыя 19 лістапада мінулага года. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада на партале tut.by артыкул Барысевіч, у якім гаварылася, што ў крыві 31-гадовага Рамана Бандарэнкі, загінулага 12 лістапада, не было алкаголю.

Бандарэнка памёр пасля інцыдэнту на сімвалічнай „плошчы Перамен” у Менску (двор на вуліцы Чарвякова), што здарыўся ўвечары 11 лістапада, калі невядомыя пачалі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі двор. Маладога чалавека збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Бандарэнка памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць. Яго смерць выклікала шырокі грамадскі рэзананс і стала прычынай масавых акцый пратэсту па ўсёй краіне.

Сваякі Бандарэнкі не выстаўлялі Барысевіч або Сарокіну прэтэнзій у сувязі з публікацыяй.

Пасля затрымання ўрача і журналісткі ў Беларусі прайшлі акцыі ў іх падтрымку пад умоўнай назвай „Нуль праміле”. Праваабаронцы прызналі Барысевіч і Сарокіна палітзняволенымі.

belapan.by