Менгарсуд пакінуў у сіле прыгавор лідару АГП Мікалаю Казлову
Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суда Ленінскага раёна сталіцы, які прыгаварыў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова да трох месяцаў арышту па абвінавачанні ў разгалошванні дадзеных папярэдняга следства (арт. 407 Крымінальнага кодэкса).
Разгляд скаргі, як і суд першай інстанцыі, праходзіў у закрытым рэжыме.
„Я і не разлічваў на справядлівасць”, — заявіў БелаПАН Казлоў. Саму справу ён лічыць надуманай і адзначае, што ў ёй „няма нічога крымінальнага”.
Палітык мае намер абскардзіць прысуд ва ўсіх інстанцыях, у тым ліку міжнародных. Найбліжэйшым часам ён плануе падаць скаргу старшыні Мінскага гарадскога суда, а далей пры неабходнасці — у Вярхоўны суд і Камітэт па правах чалавека ААН.
„Я прайду ўсе інстанцыі, у гэтым можна нават не сумнявацца”, — падкрэсліў Казлоў.
Да ўваходжання прысуду ў сілу ён знаходзіцца на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Лідара АГП абвінавачваюць у выдаванні дадзеных папярэдняга следства. Як паведамляла служба інфармацыі пракуратуры Менскай вобласці,” у снежні 2020 года і студзені 2021 года Казлоў дапытваўся ў якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай Генпракуратурай у дачыненні да Ціханоўскай С.Г. і іншых асоб па факце здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”.
У пракуратуры адзначылі, што следчы папярэджваў Казлова аб недапушчальнасці выдавання дадзеных папярэдняга следства і наступленні за гэта крымінальнай адказнасці. „Аднак абвінавачваны паведаміў прадстаўнікам СМІ і іншым грамадзянам аб сутнасці яго допытаў па абставінах крымінальнай справы, а таксама перадаў іншыя звесткі, якія не падлягалі выдаванню”, — заявілі ў пракуратуры.
30 снежня, 5 і 11 студзеня Казлова дапытвалі ў Следчым камітэце ў якасці сведкі ў рамках крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Ён тры разы адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаванні. У дачыненні да палітыка складалі адміністрацыйныя пратаколы, прызначалі арышт на 15 сутак, выклікалі на гутаркі ў міліцыю. Пасля адной з іх Казлоў правёў трое сутак у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
10 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да лідара АГП распачалі справу паводле ч. 1 арт. 407 КК.
54-гадовы Казлоў 17 гадоў адпрацаваў у крымінальным вышуку. Сышоў з міліцыі ў 2008 годзе пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў, на якіх зафіксаваў укідванне бюлетэняў. АГП узначальвае з 2018 года.