Менгарвыканкам адмовіў у правядзенні асобнага шэсця «Несмяротны полк»



Некалькі грамадскіх аб’яднанняў падавалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі «Несмяротны полк» 9 траўня. 

Аднак ім у Менгарвыканкаме адмовілі. Пра гэта паведамляюць актывісты левапатрыятычных аб’яднанняў.

Сярод аргументаў, на якія спаслаліся гарадскія ўлады, называюць пандэмію каронавіруса.

– Але 9 траўня дазволілі іншыя масавыя мерапрыемствы з масай людзей, так што гэта не аргумент, – сказаў сакратар-каардынатар грамадскага аб’яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюза» Леанід Школьнікаў. – Аднак нам прапанавалі прыняць удзел ва ўскладанні кветак на плошчы Перамогі – мы гэтай прапановай скарыстаемся, прыйдзем з партрэтамі.

Нагадаем, што ў Беларусі некалькі разоў спрабавалі зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне «Несмяротны полк», але галоўнае ўпраўленне юстыцыі, а потым і Вярхоўны суд, адмаўлялі.

tut.by