Менгарвыканкам адмовіў заяўнікам акцыі на Дзень Волі
У ім адзначаецца, што пададзеная заяўка не адпавядае патрабаванням закона аб масавых мерапрыемствах. Так, сярод заяўнікаў ёсць асобы, якія на працягу года парушалі парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. У лісце, у прыватнасці, названая Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”).
Мінгарвыканкам таксама адзначае, што згодна з заканадаўствам арганізатары не маюць права абвяшчаць у СМІ і інтэрнэце дату, месца і час мерапрыемства да атрымання дазволу ўладаў на яго правядзенне. „Звяртаем увагу, што гэты артыкул закона быў неаднаразова парушаны шляхам размяшчэння на інтэрнэт-сайтах тэматычных паведамленняў, інтэрв’ю, заклікаў да ўдзелу ў сродках масавай інфармацыі”, — гаворыцца ў адказе гарвыканкама.
Акрамя таго, месца збору ўдзельнікаў і правядзення мерапрыемстваў, як і маршрут дэманстрацыі, не адпавядаюць патрабаванням закона і рашэнню Мінгарвыканкама „Аб вызначэнні ў горадзе Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў”, інфармуе гарвыканкам.
Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі ў дзень абвяшчэння БНР, 25 сакавіка, была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі. Заяўнікі прасілі Мінгарвыканкам дазволіць не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.
Пра свае далейшыя дзеянні арганізатары святкавання 100-годдзя БНР раскажуць журналістам на экстраннай прэс-канферэнцыі, якая павінна пачацца ў 15.00.