Менгарвыканкам апублікаваў спіс тэрыторый „для навядзення парадку”



Менгарвыканкам апублікаваў на сваім сайце „План дадатковых мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі, дысцыпліны, навядзення парадку ў Менску”. У ім вызначаныя 44 тэрыторыі „для навядзення парадку”.

„Менскі гарадскі выканаўчы камітэт адзначае паступленне шматлікіх зваротаў грамадзян па пытаннях стану грамадскага парадку і бяспекі на тэрыторыі сталіцы, з патрабаваннямі спыніць не дазволеныя ва ўстаноўленым парадку масавыя мерапрыемствы і акцыі, у тым ліку на дваровых тэрыторыях, тэрыторыях арганізацый, навучальных устаноў, парушэння парадку эксплуатацыі жылых будынкаў і іншых збудаванняў, — гаворыцца ў рашэнні Менгарвыканкама ад 17 лістапада. — З боку ўдзельнікаў не дазволеных ва ўстаноўленым парадку масавых мерапрыемстваў дэманструецца непавага да закона, дзяржаўных сімвалаў, грамадзян. Маюць месца асобныя спробы перашкодзіць функцыянаванню арганізацый, у тым ліку якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і грамадскага транспарту. Фіксуюцца выпадкі псавання будынкаў і збудаванняў, дарожнага палатна, маёмасці грамадзян. Значныя сродкі затрачваюцца на ліквідацыю наступстваў супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку звязаныя з навядзеннем парадку на вуліцах горада”.

У план уключана 20 мерапрыемстваў, у ліку якіх „правядзенне маніторынгу інтэрнэт-прасторы на прадмет выяўлення ачагоў сацыяльнай напружанасці, арганізацыя патрулявання тэрыторыі горада членамі добраахвотных дружын, арганізацыя работы па папулярызацыі і размяшчэнні дзяржаўнай сімволікі, удасканаленне сістэм відэаназірання, размяшчэнне інфармацыі аб адказнасці непаўналетніх і іх бацькоў за ўчыненне правапарушэнняў, у тым ліку звязаных з несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі, забеспячэнне падтрымання належнага санітарнага стану на тэрыторыях раёнаў Менска”.

Згодна з апублікаваным планам у Заводскім раёне Менска шэсць такіх тэрыторый, у Ленінскім — пяць, у Маскоўскім — сем, у Кастрычніцкім — пяць, у Партызанскім — пяць, у Першамайскім — чатыры, у Савецкім — шэсць, у Фрунзенскім — тры, у Цэнтральным — тры. У ліку гэтых тэрыторый — мікрараёны Лошыца, Серабранка, Велазавод, Сцяпянка, Дражня, Сляпянка, Уручча, „Маяк Менска”, Кірава — Энгельса — Маркса — Леніна — пр. Незалежнасці, фуд-корд „Двор” на Кальварыйскай, 21, плошча Казінца, жыллёвыя комплексы „Менск Мір”, „Магістр”, „Каскад”, вуліца Лагойскі Тракт, тэрыторыя каля філармоніі і каля Камароўскага рынку, плошча Якуба Коласа, двор дамоў 1 і 3 па Сморгаўскім Тракце і д. 62 па вуліцы Чарвякова (так званая плошча Перамен).

Рашэнне Менгарвыканкама было прынятае 17 лістапада адразу пасля нарады па знешняй палітыцы, на якой Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў „навесці парадак” у сталіцы на працягу тыдня. Ён даручыў старшыні Менгарвыканкама Уладзіміру Кухараву і спікеру Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай як свайму ўпаўнаважанаму па Менску распрацаваць адпаведны праект пастановы і ўнесці на сесію гарсавета для прыняцця. „Сутнасць заключаецца ў навядзенні парадку ў Менску. Без усялякага варварства. Каб не даць вось гэтым нягоднікам папісваць, што мы варвары. На гэтым тыдні парадак павінен быць наведзены ў Менску”, — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку і кіраўніку сваёй адміністрацыі Ігару Сергяенку „зарыентаваць усе рэгіёны краіны, каб і там зрабілі такім жа чынам”.

Памочнік Лукашэнкі — інспектар па Менску, былы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў з гэтай нагоды заявіў наступнае: „Апошнім часам у гарвыканкам і раённыя адміністрацыі, а таксама ў ГУУС паступае маса зваротаў грамадзян аб навядзенні парадку ў Менску. Маюцца на ўвазе ў тым ліку і дваровыя тэрыторыі. Трэба заканчваць гэтую вакханалію. Людзі ўжо стаміліся. Грамадзяне разам з камунальнымі службамі наводзяць парадак у сваіх дварах, робяць прыгожа. А потым прыходзяць вандалы, па-іншаму не магу іх назваць, пачынаюць нешта ўсталёўваць, наносяць надпісы, шумяць. Людзі абураюцца: як можна адпачываць у гэты перыяд часу? А калі пачынаюць нармальныя грамадзяне выходзіць і высвятляць з імі адносіны, узнікаюць скандалы і бойкі. Такая сітуацыя ў нас адбылася і на вуліцы Чарвякова. І такіх шмат: кожны дзень практычна дзясяткі выпадкаў у Менску”.

„Хачу папярэдзіць усіх грамадзян: ніхто ні з кім цырымоніцца не будзе, — сказаў Барсукоў. — Час угавораў скончаны. Усё. Камунальныя службы будуць прыбіраць усё, што нанеслі, так, насвінячылі — па-іншаму ніяк не назаву. І будуць побач знаходзіцца супрацоўнікі міліцыі. Любое ўмяшанне ў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку хто наводзіць парадак, цягне не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць”.

belapan.by