Менгарвыканкам: бел-чырвона-белы сцяг 25 сакавіка дазволены
Выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг 25 сакавіка на акцыі, прысвечанай святкаванню 100-годдзя БНР, дазволена. Заяўнікі мітынгу і арганізатары канцэрту да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску сустрэліся 12 сакавіка з прадстаўнікамі ГУУС Менгарвыканкама.
– Сёння была сустрэча з прадстаўнікамі ГУУС і ўпраўлення ідэалогіі Менгарвыканкама. Мы, вядома, спыталі пра абмежаванні выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга. Прадстаўнік Менгарвыканкама пацвердзіў, што ніякіх абмежаванняў не будзе, – распавёў TUT.BY лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. – Адзінае, пра што папрасілі, – гэта не прыносіць транспаранты і не выкарыстоўваць лозунгі, якія не маюць дачынення да свята.
Дазвол на правядзенне канцэрту і мітынгу каля Вялікага тэатра оперы і балета гарадскія ўлады далі 2 сакавіка. У адказе, які арганізатары атрымалі ў Менгарвыканкаме, было сказана, што 25 сакавіка ўдзельнікам акцыі дазволена выкарыстоўваць толькі плакаты, транспаранты, лозунгі, эмблемы і знакі, якія «адпавядаюць заяўленай мэце» – гэта значыць святкаванню 100-годдзя БНР. А таксама сцягі і вымпелы, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку.
Фота: facebook.com/alaksej.janukevich
Бел-чырвона-белы сцяг – афіцыйны сцяг Беларускай народнай рэспублікі, але ў сучаснай Беларусі ён лічыцца незарэгістраванай сімволікай, за выкарыстанне якой на акцыях пратэсту ці нават канцэртах могуць аштрафаваць.
Актывісты і прадстаўнікі апазіцыі не раз звярталіся ў Мінкульт з прапановай надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але рашэнне так і не было прынята.