Улады дазволілі шэсце ў Лошыцкі яр і мітынг



Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ атрымала дазвол Менскага гарвыканкама на правядзенне 11 лістапада шэсця да Лошыцкага яра і мітынгу ў гэтым месцы масавага расстрэлу рэпрэсаваных у сталінскія часы.

Як паведаміў намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў, збор удзельнікаў акцыі запланаваны на 12.00 ля ДК „Лошыцкі” (былы ДК камвольнага камбіната). У 12.30 пачнецца шэсце да Лошыцкага яра, дзе пройдзе мітынг памяці.

Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля аналагічнай акцыі ў Курапатах. Абедзве акцыі прымеркаваныя да дня памінання продкаў Дзяды, які беларускія каталікі адзначаюць 2 лістапада.

У адрозненне ад вясновай Радаўніцы, калі ўспамінаюць памерлых праваслаўныя, Дзяды не з’яўляюцца выхадным днём. 2 лістапада быў непрацоўным днём з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі, але ў 1996 годзе яго выключылі са спісу выхадных. З 31 кастрычніка на платформе zvarot.by вядзецца збор подпісаў пад петыцыяй „Зрабіць Дзяды непрацоўным днём — даць магчымасць ушанаваць продкаў!”. Петыцыя будзе накіраваная ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта. Ініцыятыву грамадскасці падтрымаў кіраўнік беларускага касцёла Тадэвуш Кандрусевіч. Выступаючы 1 лістапада падчас урачыстай імшы, ён прапанаваў зрабіць Дзень Усіх Святых і дзень памінання памерлых выхаднымі паводле аналогіі з Радаўніцай.

БелаПАН