Менгарвыканкам не ўключыць Дзень Волі ў агульнагарадскі план мерапрыемстваў
Менгарвыканкам адмовіўся ўключыць святкаванне Дня Волі ў агульнагарадскі план мерапрыемстваў, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Раней Барысаў ад імя партыі накіраваў у гарвыканкам ліст з прапановай уключыць Дзень Волі ў расклад святкаванняў на 2020 год. Гэта пазбавіла б арганізатараў ад шэрагу расходаў, у прыватнасці ад аплаты паслуг міліцыі па ахове правапарадку. Для правядзення свята былі прапанаваныя тры пляцоўкі: ля Палаца спорту, ля опернага тэатра, плошча Свабоды.
У адказе намесніка старшыні гарвыканкама Арцёма Цурана гаворыцца, што агульнагарадскі план мерапрыемстваў рыхтуецца напярэдадні дзяржаўных свят, зацверджаных указам прэзідэнта «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь». Паколькі абвяшчэнне БНР не ўключанае ў спіс зацверджаных дзяржаўных свят, Менгарвыканкам не бачыць падстаў для яго ўключэння ў план.
Барысаў паведаміў БелаПАН, што 5 лютага прадстаўнікі аргкамітэта Дня Волі пойдуць на прыём у Менгарвыканкам, дзе будуць абмяркоўваць магчымыя пляцоўкі для правядзення свята.
У склад аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання 102-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўваходзяць БСДП (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і рух «За Свабоду».
Арганізатары праводзяць збор сродкаў на святкаванне на пляцоўцы molamola.by.
У красавіку 2019 года арганізатары свята з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР былі аштрафаваныя на 735 рублёў за неаплату паслуг міліцыі. У жніўні суд Маскоўскага раёна задаволіў іск ГУУС Менгарвыканкама і пастанавіў спагнаць з арганізатараў больш за 8.000 рублёў у якасці платы за перавышэнне колькасці ўдзельнікаў, за карыстанне чужымі сродкамі і пені.