Менгарвыканкам патлумачыў, чаму не вешаюць шыльду да 100-годдзя БНР



Стала вядома, чаму на доме па адрасе вуліца Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, не могуць павесіць памятную шыльду. Адказ ад намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Юркевіча атрымала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), піша nn.by

Дазвол на вывешванне шыльды быў атрыманы яшчэ ў сакавіку 2018-га — напярэдадні стогадовага юбілею абвяшчэння БНР. Грошы на выраб шыльды былі сабраныя праз краўдфандынгавую платформу „Талака”. Шыльду, зробленую скульптарам Алесем Шатэрнікам, меліся павесіць 23 сакавіка, аднак потым чыноўнікі Менгарвыканкама сталі замаруджваць працэс: пасяджэнне па зацвярджэнні шыльды некалькі разоў пераносілі. 

У афіцыйным адказе за подпісам Юркевіча гэтыя затрымкі тлумачацца негатыўнымі зваротамі з боку грамадскасці: „Інфармуем аб тым, што ў адрас Менгарвыканкама паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9. Пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння Менгарвыканкама па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе”.

Памочніца Ігара Юркевіча Ася Бірук паведаміла журналістам, што яе начальнік знаходзіцца ў адпачынку, таму не можа пракаментаваць сітуацыі.

Фота: «Свабода»