Менгарвыканкам змяніў фармат „Чарнобыльскага шляху” (абноўлена)
Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” будуць патрабаваць змяніць час правядзення традыцыйнага шэсця. У рашэнні Менгарвыканкаму, якое атрымалі арганізатары, прапануецца правесці шэсце 26 красавіка, які з’яўляеца буднім днём, у працоўны час.
Інакш як здзекам, які матываваны бояззю чыноўнікаў Менгарвыканкаму, такое рашэнне назваць нельга, кажа адзін з заяўнікаў акцыі – намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.
– Мы будзем дамагацца, улічваючы тое, што традыцыя “Чарнобыльскага шляху” налічвае ўжо больш за 20 гадоў і яна ніколі не перарывалася, каб шэсце адбылося. Але мы лічым, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі пачатак будзе а 18-й гадзіне, пра які мы ад пачатку прасілі Менгарвыканкам.
У выпадку, калі ўлады пакінуць сваё рашэнне без зменаў, некаторыя ўдзельнікі аргкамітэту схільныя адмовіцца ад правядзення шэсця. Аргкамітэт будзе заклікаць прыйсці на санкцыянаваны мітынг з нагоды аварыі на Чарнобыльскай АЭС, які арганізуе Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Менгарвыканкам змяніў заяўлены фармат традыцыйнаае акцыі 26 красавіка.
Гарадскія ўлады дазволілі збор удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор.
А заяўнікі прасілі ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля Тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор.
Акрамя маршруту гарвыканкам змяніў час пачатку акцыі — замест заяўленых 18.00 на 14.00. І гэта кардынальныя змены – сказаў у нашым эфіры адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі:
– Абсалютна не адпавядае той заяўцы, што мы падавалі. А самае дрэннае, яны змянілі час правядзення акцыі і ў працоўны дзень прызначылі яе на 14 гадзін. Зразумела, сказаць пра нейкую арганізацыю акцыі ў гэты час проста не выпадае, бо людзі будуць на працы. У ёй змогуць прыняць удзел толькі “дармаеды”.
18 красавіка палітыкі збіраюцца на пасяджэнне аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”, пасля якога і будзе прынятае рашэнне, згаджацца ці не з прапановамі Менгарвыканкаму.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя