Менгарвыканкаму прапанавалі правесці каардынацыйную сустрэчу да 100-годдзя БНР
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі накіраваў зварот да старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца з прапановай правесці каардынацыйную сустрэчу па пытанні правядзення свята незалежнасці 25 сакавіка і іншых мерапрыемстваў, звязаных з юбілейнай датай.
Зварот падпісалі палітыкі Рыгор Кастусёў, Аляксей Янукевіч, Павел Севярынец, Станіслаў Шушкевіч, Леў Марголін і Яўген Афнагель. Яны прапаноўваюць Шорцу правесці 7 лютага або ў іншы дзень „каардынацыйную сустрэчу па пытаннях святкавання ў Мінску 100-годдзя абвяшчэння БНР, у тым ліку арганізацыі і правядзення святочнай дэманстрацыі і мітынгу-канцэрта”. Гэта мерапрыемства, лічаць у аргкамітэце, павінна прайсці з удзелам кіраўніцтва Мінгарвыканкама.
„Мы перакананыя, што сустрэча ў такім фармаце да вынясення рашэння Мінгарвыканкама наконт пададзенай заяўкі з’яўляецца крытычна неабходнай. Мы лічым непрымальным тую практыку, якая склалася на працягу мінулых гадоў, калі Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт прымаў рашэнні аб змене заяўленага маршруту масавых мерапрыемстваў у Дзень Волі 25 сакавіка без абмеркавання і ўзгаднення з арганізатарамі мерапрыемстваў і без тлумачэння прычын адмовы ў заяўленым фармаце шырокай грамадскасці”, — гаворыцца ў звароце.
Непрымальным аргкамітэт таксама лічыць „прыклад мінулага года, калі гарвыканкам парушыў дзейнае заканадаўства і не даў адказу на заяву аб правядзенні масавага мерапрыемства ва ўстаноўлены законам тэрмін”.
„100-годдзе абвяшчэння БНР — гэта наш агульны вялікі юбілей. 25 сакавіка 1918 года было абвешчана, што беларускі народ жыве і хоча быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром сваёй зямлі. Без БНР не было б БССР і сёння не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь. Мы рады, што гэта дата прыцягвае ў гэтым годзе пазітыўную ўвагу дзяржаўных агульнанацыянальных СМІ і дзяржаўных устаноў. Мы спадзяемся, што, як і мы, вы таксама гатовыя паклапаціцца аб тым, каб мерапрыемствы па святкаванні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці ў Мінску прайшлі мірна, годна, урачыста, з захаваннем бяспекі і інтарэсаў жыхароў беларускай сталіцы і гасцей горада, без запалохванняў і пераследу ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства”, — гаворыцца ў звароце.
Аргкамітэт спадзяецца, што Шорац з’яўляецца „адданым патрыётам нашай Радзімы і гатовы спрыяць дыялогу ў грамадстве, пераадоленню ўсіх падзелаў і нацыянальнай кансалідацыі для абароны і ўмацавання незалежнасці нашай краіны перад абліччам любых пагроз”. „Мы заклікаем вас да шчырага і сумленнага дыялогу і сумеснага святкавання 100-годдзя адной з найважнейшых падзей у гісторыі нашай нацыі і нашай краіны”, — гаворыцца ў дакуменце.
„Гэтым зваротам мы яшчэ раз падкрэсліваем, што бачым мерапрыемствы 25 сакавіка 2018 года выключна святочнымі, накіраванымі на нацыянальную кансалідацыю на аснове каштоўнасцяў незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Мы шчыра запрашаем прадстаўнікоў улад да агульнага святкавання, мы гатовыя да абмеркавання і пошуку прымальных для ўсіх бакоў варыянтаў правядзення святочных мерапрыемстваў”, — цытуе прэс-служба Партыі БНФ намесніка старшыні арганізацыі Аляксея Янукевіча.
Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі (Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух „За Свабоду”, рух салідарнасці „Разам”, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі „Беларускі рух”, ініцыятыва „Дзея”, прафсаюз РЭП, рух „За незалежнасць і дзяржаўнасць”, кампанія „Еўрапейская Беларусь”).
Актывісты апазіцыі просяць Менгарвыканкам дазволіць на 25 сакавіка не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.
Дзень Волі адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.
Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”. У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.
Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі войскамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым у Гародні.
Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
belapan.by