Менш за ўсё смецця ў вадаёмах Берасцейскай і Магілёўскай абласцей
Падведзеныя вынікі агульнабеларускай экалагічнай акцыі «Чысты вадаём». Таварыства паляўнічых і рыбаловаў паведамляе, што за тыдзень прыбрана каля 1300 кіламетраў берагавой лініі і сабрана звыш 700 кубічных метраў смецця. З-за каронавірусу знізілася колькасць валанцёраў – удзел узяло прыблізна 4 тысячы чалавек.
У ходзе акцыі выявілася, што менш за ўсё смецця ў вадаёмах Берасцейскай і Магілёўскай абласцей.
У станоўчы бок сітуацыя мяняецца другі год, – кажа чалец пінскага аддзялення Таварыства Уладзімір Якімук:
– Назіраю кожны год, што смецця ўсё менш і менш. Першы год як мы прыбіраліся было два прычэпы і не змяшчалася яшчэ, вярталіся і грузілі яшчэ. А потым – усё менш і менш. І вось ужо другі год назіраю карціну, калі тыя, хто адпачывае, хоць і не прыбіраюць смецце за сабой, але складаюць у асобны стос, каб быў бачны і было лягчэй прыбіраць іншым.
Мы тут жывём, гэта наша малая радзіма, таму трэба падтрымліваць парадак на сваёй тэрыторыі.
Па інфармацыі Таварыства паляўнічых і рыбаловаў, на працягу летняга сезону працягнуцца рэгіянальныя экалагічныя акцыі па добраўпарадкаванні берагавой лініі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА