Менск: будзе цёпла – будзем жыць



Імунолагі Беларусі маюць спадзеў на надыход цёплага надвор’я, якое ўжо праз тыдзень павінна прынесці тэндэнцыю да падзення дынамікі заражэнняў у сталіцы і цэлым па краіне. Адчувальны спад выпадкаў прагназуецца праз месяц.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння, 20 красавіка, у беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

Прырост захварэўшых на каронавірус па рэспубліцы за апошнія содні, паводле афіцыйных дадзеных, склаў 256 чалавек.

У сталіцы штодня мабільныя групы ў складзе медработнікаў і супрацоўнікаў міліцыі правяраюць , ці выконваюць рэжым самаізаляцыі так званыя „кантакты першага ўзроўню” ва ўмовах менскіх кватэр.

Урачам за працу па змаганні з каронавірусам указам абяцаныя надбаўкі ад 900 да 4000 беларускіх рублёў у месяц у залежнасці ад спецыфікі працы.

Ад сённяшняга панядзелка аднаўляецца навучанне ў школах Менску. Аднак многія бацькі выбралі працяг хатняй самаізаляцыі дзяцей, падаўшы адпаведныя заявы ў адміністрацыі навучальных устаноў.

Па начох тратуары і дарогі сталіцы мыюць дэзрастворам, удзень – звычайнай вадой.

Беларускае Радыё Рацыя