Менск: „каронабой” працягваецца
Гадавіна Чарнобыльскай катастрофы ў Менску прайшла амаль незаваўжна. І дарма, бо паводзіны ранейшага кіраўніцтва БССР у красавіку 1986 года ўгадваюцца ў афіцыйнай пазіцыі беларускіх уладаў па каронавірусе.
Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
– Афіцыйная лічба захварэўшых па Менску не раскрываецца. Але відавочна да статыстычнага плато яшчэ далёка. За 26 красавіка па краіне зафіксавана 873 новых выпадкаў. Агулам выздаравелі больш за 1,5 тысячы чалавек.
Адміністрацыя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту расчышчае сталічны інтэрнат, які знаходзіцца непадалёк ад менскай кальцавой аўтадарогі, для студэнтаў з пацверджаным COVID-19.
Разглядаецца мажлівасць пераносу тэрмінаў уступных іспытаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Жыхары Менску не будуць аплачваць дэзінфекцыю пад’ездаў. Фінансаванне такіх работ будзе праводзіцца за кошт бюджэту, як расходы, звязаныя са стыхійнымі бедствамі, аварыямі, катастрофамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск