Менск: каронапарад для выбраных



Беларусь адзіная краіна на кантыненце, якая правяла вайсковы парад да Дня Перамогі. Не зважаючы на заклікі СААЗ, ААН і Еўразвязу.

Людзі на трыбунах былі рассаджаныя шчыльна, без бяспечнай дыстанцыі. У ахоўных масках людзей было вельмі мала, ветэраны пераважна абыходзіліся без масак.

Паводле назіральнікаў, парад сабраў нашмат менш гледачоў, чым звычайна.

Фота БелаПАН

* * * 

На парад настойлівыя запрашэнні атрымалі тыя, хто ўжо перахварэў на COVID-19. Ветэраны вайны атрымалі віншаванні ад горада па месцы жыхарства.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– За апошнія содні колькасць выяўленых захварэўшых на каронавірус у Беларусі склала 933 чалавекі. Аднак афіцыйныя лічбы смерцыяў пацыентаў і медыкаў ад  COVID-19  даверу не выклікаюць.

Многія сталічныя работнікі сферы аховы здароўя скардзяцца, што так і не атрымалі абяцаных надбавак за працу ва ўмовах эпідэміі.

За псіхалагічнай падтрымкай падчас самаізаляцыі ў дзяржаўную службу звярнуліся амаль 500 менчукоў.

Экс-пасол у ЗША і стваральнік у Менску Парку высокіх тэхналогій Валер Цапкала заявіў пра намер ісці ў якасці кандыдата на выбары прэзідэнта Беларусі.

Святкаванне Дня Перамогі ў Менску распачнецца аб 11-й і завяршыцца ў 21-30 святочным салютам па ўсім горадзе. Большасць мерапрыемстваў будуць транслявацца анлайн.

Па словах «добраахвотнікаў», якія будуць запаўняць сабой гарадскія трыбуны падчас параду 9 траўня, апранаць маскі і пяльчаткі забаронена.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск