Менск: медыкам перададзены экспрэс-тэсты на антыцелы да СOVID-19



Прырост захварэўшых на каронавірус у Беларусі за содні склаў 933 чалавекі. Таму менскіх прызыўнікоў масава адпраўляюць ў войска ў масках ды пальчатках і без урачыстага мітынгу.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– У панядзелак, па пытаннях эпідэміялагічнай сітуацыі ў Менгарвыканкаме адбылася аператыўная нарада. На відэасувязі са старшынём выканкама былі кіраўнікі ўсіх раённых адміністрацый, сталічных службаў і падраздзяленняў.

У гэты ж час, акурат праз дарогу, у Цэнтрвыбаркам былі пададзены заявы ад трох кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

20 000 экспрэс-тэстаў на антыцелы да СOVID-19, купленыя за грошы беларусаў з дабрачыннага рахунка Міністэрства аховы здароўя, трапілі да менскіх медыкаў. Вынікі тэстаў можна атрымаць на працягу 15-20 хвілін прамога выкарыстання.

Студэнты Менска могуць запісацца на данацыю крыві анлайн. Патрэба ў донарскай крыві ў арганізацыях аховы здароўя па ўсёй краіне застаецца высокай.

Эканамічны суд сталіцы разглядае 655 справаў аб банкруцтве. Пераважная частка банкруцтваў тычыцца кампаній прыватнага сектара.

У Менску за футбольным манежам з 13 траўня плануецца адкрыццё сезону сеансаў у новым аўтакінатэатры.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск