Менск: няма часу хварэць – «інтэграцыя» блізка



Колькасць выяўленых захварэўшых на каронавірус за дзень склала 936 чалавек. Такая стабільнасць падштурхнула афіцыйны Менск ізноў уступіць у перамовы пра інтэграцыю на роўных умовах падчас саміту пры дапамозе відэасувязі.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– Па лічбах захварэўшых Беларусь абагнала Швецыю. Аднак беларускія паказнікі смерці ад інфекцыі, якія амаль у 20 разоў ніжэй за аналагічныя швецкія, выклікаюць пытанні.

Пацыенты Менскага гарадскога клінічнага анкадыспансеру скардзяцца на тое, што радыёлагічны корпус зачынілі для лячэння пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй. У выніку  асобам з ракам шчытападобнай залозы масава адмяняюць планавае лячэнне.

Перахварэўшых на COVID-19 чакаюць у сталічным 6-м шпіталі ў якасці донараў імуннай плазмы.

Менскае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі працгявае  адсочваць асобаў, якія прадаюць маскі і антысэптыкі у розніцу праз Інтэрнэт. А таксама на ўлік бяруцца прадпрыемствы, якія вырабляюць і пастаўляюць сродкі абароны не дзяржаўным закупшчыкам паводле рашэння Урада, а прыватным структурам альбо пасярэднікам.

У Менску адмянілі традыцыйныя выпускныя вечары. Атэстаты школьнікам выдадуць на рукі 10 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск