Менск спрабуе трымаць удар эпідэміі
Менск спрабуе працаваць, самаарганізоўвацца і трымаць удар эпідэміі. Пра актуальны стан мераў і падзеяў на сёння ў беларускай сталіцы расказвае наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:
– У 30-й гарадской паліклініцы Менска выявілі і адправілі на шпіталізацыю 7 прадстаўнікоў медычнага персаналу з падазрэннем на каронавірус. Усім астатнім работнікам паліклінікі прапанавана ўзяць адпачынак на 2 тыдні і самаізалявацца. Перавага на нечаканы водпуск аддадзена работнікам пенсійнага ўзросту.
У некаторых паліклініках і лякарянх зафіксаваны такія ж прапановы, але прыём працягваецца па наяўных паказаннях. Цяжарным рэкамендавана заставацца дома і звяртацца да ўрача толькі па неабходнасці.
Медперсаналу паліклінік загадана веці прыём, пастаянна носячы маскі і пальчаткі.
Часовае жыллё для адпачынку медыкаў пасля дзяжурстваў на час пандэміі прапануе тэлеграм-канал «Приюти героя Беларусь». Свае варыянты прапанавалі некаторыя сталічныя гатэлі.
Па стане на вечар 2 красавіка рашэнне аб працягненні школьных канікул для дзяцей адсутнічае. Аднак бацькі могуць не вадзіць дзяцей у школу і садкі, пакінуўшы адпаведную заяву.
Менскі хакерспэйс распачаў друк сродкаў аховы для медыкаў на 3D–прынтарах.
У службах ЖЭС Менска можна замовіць дэзінфекцыю пад’езда і кнопак ліфта: у пяціпавярхоўцы паслуга абыйдзецца прыкладна ў 20 беларускіх рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sputnik.by