Менск: святы каронавірусу не перашкода



З шостай раніцы да захаду сонца правялі менчукі дзень Радаўніцы на сталічных могілках. Пры гэтым па колькасці захварэўшых на COVID-19 Беларусь абышла Польшу.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наша карэспандэнтка Вольга Сямашка:

– Паводле ацэнак спецыялістаў, каронавірус распаўсюджваецца ў Беларусі такімі ж тэмпамі як і ў Расеі. Аднак афіцыйны паказнік смяротнасці ў Беларусі дагэтуль не адрозніваецца адэкватнасцю, якая б задаволіла грамадскасць.

Сталічныя падаткаплацельшчыкі пералічылі ў бюджэт амаль 3 мільярды рублёў. Аднак настроі ў прадпрымальнікаў нярадасныя: усе крызісныя непрыемнасці рассмокчуцца хіба за паўгода, а ў наступныя тры месяцы трэба будзе пакрыць усе папярэднія страты.

Новы школьны дзень у Менску праходзіць у напаўпустых класах. Амаль адна тысяча аб’яднанняў па інтарэсах у Менску пераведзена на дыстанцыйнае навучанне па шматлікіх просьбах бацькоў і навучэнцаў.

Сталічны Купалаўскі тэатр працягвае паказваць спектаклі анлайн і шые ахоўныя маскі.

На вуліцах Менска з’явілася сотня плакатаў з фотаздымкамі беларускіх артыстаў і словамі падтрымкі медыкам, якія змагаюцца з каронавірусам.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск