Менск: „ціхае” каронапаляванне



На паўпустых вуліцах Менску асабліва заўважна, як часта машыны „хуткай дапамогі” сталі выязджаць на выклікі. У некаторыя дамы па 2-3 выезды на дом за дзень.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– 2-га траўня Міністэрства аховы здароўя праводзіла прамыя тэлефонныя лініі з насельніцтвам, аднак шырокае анансаванне такіх „перамоваў” напярэдадні адсутнічала.

Пры гэтым Мінздраў зноў не апублікаваў статыстыку тых, хто захварэў у Менску. Вядома толькі, што за содні выяўлена амаль тысяча новых захварэўшых па ўсёй краіне.

Ваенныя правялі дэзінфекцыю двух школ і дзіцячага садка ў Бараўлянах пад Менскам, дзе былі выяўлены захварэўшыя дзеці.

У паліклініках Менску ўсталююць камп’ютарныя тамографы для дыягностыкі пнеўманіі з-за павышанай патрэбы насельціцтва на такую паслугу.

Візавы цэнтр Польшчы ў Менску з 11 траўня паэтапна аднаўляе прыём дакументаў.

Менскі аэрапорт аднавіў рэйсы па маршруце Менск-Мілан: двойчы на тыдзень, у дзелавых і медычных мэтах.

Менчукі абмяркоўваюць, як дасца ў знакі жывы заяц, які бегаў перад Домам урада і Парламента на выходных.

Беларускае Радыё Рацыя