Менск у абдымках каронавіруса



За ўвесь час назіранняў у Менску зафіксавана 4090 выпадкаў заражэнняў на COVID-19. Напярэдадні Радаўніцы менчукам рэкамендавана не наведваць пажылых сваякоў і не ладзіць сустрэчы на могілках.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння, 25 красавіка, у беларускай сталіцы прадставіла наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– З 25 па 28 красавіка ўборка мінскіх могілак будзе праводзіцца ва ўзмоцненым рэжыме.

Усе сталічныя ўстановы аховы здароўя будуць працаваць усе выходныя. Пры ўзнікненні прыкмет захворвання неабходна звярнуцца да медработнікаў.

У Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле імя Рыгора Шырмы, якая працуе пры сталічнай філармоніі, каронавірус выявілі ў 44 чалавек.

Ад учора запрацаваў Указ, паводле якога для бізнэсу ўведзены адтэрміноўкі падаткавых крэдытаў, арэндныя вакацыі, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы.

Уведзена выплата дапамогі па часовай непрацаздольнасці асобам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да 10 гадоў, калі гэта дзіця сталася кантактам першага або другога ўзроўню.

Беларускае Радыё Рацыя