Менск: У сталіцы чакаюць прыбыцця гуманітарнай дапамогі ад Польшчы



За дзень зарэгістравана 865 афіцыяных выпадкаў каронавірусу. У сталіцы чакаюць прыбыцця другой партыі гуманітарнай дапамогі ад Польшчы.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– «Чорны рынак» горада прапануе шырокі выбар экспрэс-тэстаў на антыцелы да COVID-19 кітайскай, аўстрыйскай і амерыканскай вытворчасці.

Адна з буйных будаўнічых арганізацый Беларусі перадала менскім лекарам сродкі індывідуальнай абароны.

Сталічныя ваенныя медыкі атрымалі рэспіратары ад Узброеных сілаў ЗША.

У Менску адкрыюць летні анлайн-лагер для дзяцей і падлеткаў. На пачатку дня дзеці будуць атрымліваць ад важатых заданні для выканання дома і на вуліцы, пасля фіксаваць іх выкананне і дасылаць фота- і відэасправаздачы.

У сталіцы хочуць адкрыць яшчэ адзін аўтакінатэатр: дзве папярэднія спробы былі няўдалымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск