Менск застаецца найгоршым горадам Еўропы па якасці жыцця



Менск застаецца найгоршым горадам Еўропы па якасці жыцця, сведчыць рэйтынг Quality of Living Rankings — 2019, які склала міжнародная кансалтынгавая кампанія Mercer. Сярод 231 уключанага ў рэйтынг горада беларуская сталіца заняла 188-е месца.

Як гаворыцца ў паведамленні на сайце кампаніі, сёлета Менск (188), Тырана (175) і Санкт-Пецярбург (174) застаюцца гарадамі Еўропы з самым нізкім рэйтынгам. Летась Менск таксама заняў 188-е месца.

Першае месца ўжо ў дзясяты раз заняла Вена. Другое месца дасталася Цюрыху, трэцяе падзялілі Ванкувер (Канада), Мюнхен (Германія) і Окленд (Новая Зеландыя).

З суседніх сталіц найлепшыя паказчыкі ў Вільні (81-е месца), Варшавы (82-е) і Рыгі (90-е). Масква заняла 167-е месца, Кіеў — 173-е.

Рэйтынг Quality of Living Rankings складаецца з улікам 39 фактараў, згрупаваных у 10 катэгорый: палітычнае, сацыяльнае, эканамічнае і сацыяльна-культурнае асяроддзе, медыцына і здароўе, інфраструктура і транспарт, магчымасці для адпачынку, школы і адукацыя, жыллё, навакольнае асяроддзе, спажывецкія тавары.

belapan.by

Фота TUT.by