Менск. Жыццё пад каронавірусам
Беларусь трымае сітуацыю з каронавірусам на кантролі, сочыць за міжнароднай сітуацыяй і гатовая на новыя выклікі.
Актуальны стан на сёння, 24 сакавіка, у беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
– 23 сакавіка Міністэрства аховы здароўя выступіла з новымі рэкамендацыямі ў сувязі з каронавірусам. Яны ў цэлым аналагічныя тым, якія былі ўведзены ў большасці еўрапейскіх краін тыдзень ці два раней. Сярод рэкамендацый: пажылым заставацца дома, усім трымаць дыстанцыю паўтары метры, хто вярнуўся з-за мяжы самаізалявацца на 14 дзён. У цэлым сітуацыя кантралюемая. На раніцу 24 сакавіка ў Беларусі паказальнік захварэўшых складае 81 выпадак. З іх – 22 вылекаваны.
Сталічая швачная кампанія “Марк Фармэль” абвясціла агульнанацыянальны чэлендж “Разам ад заразы” для ўсіх кампаній і грамадзян, і сама выдаткавала сродкі для менскай інфекцыйнай лякарні. Таксама грашовую падтымку менскім медыкам аказалі тэлекамунікацыйны аператар А1 і стартап “Ойпер”.
Сталічныя медыкі ў адказ далучыліся да сусветнага флэшмобу “Заставайся дома” і параілі самаізалявацца людзям у сталым узросце, асобам з хранічнымі хваробамі і тым, хто нядаўна прыбыў з замежжа.
Тым не менш візітоўкай вуліц Менску ў гэтыя дні з’яўляецца сталічная бабуля з унукам, якая добра ведае, што захварэць на каронавірус трэба яшча пастарацца і пры гэтым не выконваць простыя правілы гігіены і першаснай сімптаматыкі.
Асаблівую радасць мінакоў выклікае навіна пра тое, што 25 сакавіка мусіць быць зняты каранцін у правінцыі Хубэй, дзе і адбылася гістарычная ўспышка каронавіруса. А значыцца, наступаючы Дзень Волі ў Беларусі набывае сусветнае значэнне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя