Менск: зранку прачынаецца народ, увечары – «мафія»
Вуліцы Менску сталі трыбунай для актыўнай пазіцыі гараджан ва ўмовах агульнарэспубліканскага паслявыбарнага крызісу.
Сітуацыю ў беларускай сталіцы перадае наш карэспандэнт у Менску Вольга Сямашка:
– Горад Менск гэтымі днямі выглядае як у першыя дні каронавіруснай эпідэміі. Дарожны рух у горадзе значна паменшыўся. Многія менчукі пакідаюць горад.
З самага ранку ля сталічнага Камароўскага рынку жанчыны ў белых строях зладзілі ланцуг салідарнасці са знічамі і кветкамі. Бліжэй да вечара яны рушылі па вуліцы Куйбшыва ў бок Акадэміі навук. «Нявесты Волі» – новы знак супраціву ў Беларусі, калі жанчыны апранаюць усё белае насуперак збіццю актыўных грамадзян наўпрост на вуліцах горада.
У траўмапункты менскіх паліклінік неафіцыйна звяртаюцца вечаровыя параненыя. Урачы аказваюць дапамогу, вымаюць аскепкі з целаў, але не фіксуюць гэта ў працоўных журналах, каб у грамадзян надалей не было праблемаў.
З 15-й гадзіны дня вуліцы Менску напоўніліся бясконцымі гудкамі аўтамабіляў. У пад`ездах дамоў сталіцы з`яўляюцца шматлікія абвесткі ад пачатку нацыянальнай забастоўкі.
У цэнтр горада падцягваюцца аўтобусы з АМАПам. У парушэнне правілаў дарожнага руху, такі транспарт не мае апазнавальных знакаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск