Менская гарадская калегія адвакатаў абвясціла вымову Дзмітрыю Лаеўскаму
Дзмітрыю Лаеўскаму, абаронцу экс-банкіра і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і юрыста Максіма Знака, абвешчаная вымова. Як паведаміў Лаеўскі БелаПАН, такое рашэнне вынесенае сёння на пасяджэнні дысцыплінарнай камісіі Менскай гарадской калегіі адвакатаў, куды ён быў выкліканы.
„Дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне прыцягнуць мяне да дысцыплінарнай адказнасці ў выглядзе вымовы. Матывы такога рашэння мне пакуль невядомыя”, — сказаў адвакат.
Як паведамлялася, 24 сакавіка Лаеўскага выклікалі на пасяджэнне савета МГКА, дзе паведамілі пра дысцыплінарную вытворчасць у яго дачыненні. Нагодай стаў пост у „Фэйсбуку”, у якім абаронца выказаў нязгоду з праектам зменаў у заканадаўства аб адвакатуры.
У сакавіку пры Мінюсце пачалася масавая атэстацыя адвакатаў, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю па палітычна матываваных справах. Больш чым з дваццаці выкліканых на камісію адвакатаў яе прайшлі толькі трое, яшчэ шасцёра прайшлі атэстацыю ўмоўна. Дзеянне адвакацкіх ліцэнзій астатніх, у ліку якіх адзін з самых вядомых адвакатаў краіны Сяргей Зікрацкі, падлягае спыненню.
За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай — Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. У дачыненні да двух іншых абаронцаў Калеснікавай — Іллі Салея і Максіма Знака — распачатыя крымінальныя справы.
Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан і іншыя.
У абарону беларускіх адвакатаў выступілі Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA), Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Фонд Дж.Клуні „За справядлівасць” (CFJ), арганізацыя Lawyers for Lawyers (Нідэрланды) разам з юрыдычным таварыствам Англіі і Уэльса, Савет адвакатур і юрыдычных асацыяцый Еўропы (CCBE), Хельсінкскі фонд правоў чалавека, а таксама аўтарытэтныя расейскія адвакаты.
Пра ціск на беларускіх адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у гучных палітычных справах, гаварылася ў дакладзе вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2020 год, падрыхтаваным да 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (прайшла 22 лютага — 23 сакавіка ў Жэневе).
18 сакавіка на нарадзе аб выкананні даручэнняў па ўдасканаленні заканадаўчых актаў у сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, „што зроблена для навядзення парадку ў адвакатуры”. „Асноўная задача гэтага прававога інстытута — абарона законных інтарэсаў грамадзян, суб’ектаў гаспадарання. Як яны тут няўхільна выконваюць закон? Але яшчэ раз падкрэсліваю, без спробаў паставіць кагосьці на калені і нахіліць. Вінаваты — адказвай, не вінаваты — ідзі працуй”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.