Менскі абласны суд вынес вырак за забойства дзіцяці
Менскі абласны суд прызнаў 21-гадовага мужчыну з Мядзельскага раёна вінаватым у забойстве дзіцяці з асаблівай жорсткасцю і асудзіў на 23 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яшчэ не набыў моцы, можа быць абскарджаны і апратэставаны цягам 10 дзён, піша «СБ. Беларусь сегодня» са спасылкай на памочніцу прадстаўніка Менскага абласнога суда.
Як расказвалі падчас следства, у верасні мінулага года ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў прыватным доме ў адной з вёсак Мядзельскага раёна знойдзена цела аднагадовага хлопчыка. Згодна з заключэннем судова-мэдыцынскай экспертызы, смерць дзіцяці наступіла ад цяжкіх пашкоджанняў галавы.
Сцвярджалася, што ў дзень здарэння жанчына знаходзілася ў шпіталі, яе сын застаўся з маладым чалавекам. Мужчына ў стане алкагольнага ап’янення пабіў хлопчыка, бо той плакаў.
Калі дзіця перастала падаваць прыкметы жыцця, перавёз цела ў торбе ў пустую хату ў Мядзельскім раёне. Праз некалькі дзён маці малога вярнулася. Мужчына сказаў, што хлопчык у знаёмых, але потым расказаў, дзе знаходзіцца цела.
Беларускае Радыё Рацыя