Менскі аэрапорт увайшоў у дваццатку найбольш пунктуальных
Нацыянальны аэрапорт Мінск увайшоў у дваццатку найбольш пунктуальных аэрапортаў Еўропы па версіі амерыканскага рэсурсу Flightstats, які адсочвае дакладнасць адпраўлення і прыбыцця рэйсаў, паведамілі ў прэс-службе аэрапорта.
Па звестках рэсурса, у 2015 годзе Нацыянальны аэрапорт Мінск выканаў 88,89 працэнта рэйсаў своечасова. Пры гэтым з 15 890 прааналізаваных рэйсаў 1 499 былі выкананы з затрымкай. Сярэдняя затрымка склала крыху больш за 38 хвілінаў. «З такімі паказчыкамі галоўны аэрапорт краіны заняў 19-ю пазіцыю сярод найбольш пунктуальных паветраных гаваней Еўропы», — адзначылі ў прэс-службе.
Найбольш пунктуальнымі аэрапортамі Еўропы па выніках 2015 года Flightstats назваў фінскія Оўлу і Хельсінкі, якія займаюць першы і другі радок у Еўропе, а таксама шведскі Калакс – трэці. Аэрапорт Рыгі займае чацвёртае месца. Замыкае пяцёрку лідараў польскі аэрапорт Лавіца (Познань).