Менскі гарадскі суд разгледзіць скаргу Рыгора Кастусёва
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў праз смс атрымаў позву на судовае пасяджэнне з Менскага гарадскога суда.
Як піша Рыгор Кастусёў у сваім фэйсбуку, на судовым пасяджэнні разгледзяць яго скаргу на рашэнне суда Партызанскага раёна Менска па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яму прысудзілі штраф за пікетаванні ў чэрвені забаўляльнай установы “Поедим поедим”, – нагадвае акалічнасці палітык:
– Па дарозе ў аэрапорт, 3 ліпеня, я быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, праз паўтара сутак знаходжання пад арыштам, ужо ўвечары 4 ліпня, адбылося судовае пасяджэнне суда Партызанскага раёна горада Менска, дзе была разгледжана адміністрацыйная справа наконт мяне за пікетаванне забаўляльнай установы “Поедим поедим”. Было прынятае рашэнне суддзёй аштрафаваць мяне на сумму 730 беларускіх рублёў.
З чым палітык катэгарычна не пагадзіўся і падаў скаргу ў гарадскі суд. Разгляд справы запланаваны 31 жніўня ў 12.00. Нагадаем, партыя БНФ у пачатку жніўня спыніла варту ў Курапатах, палічыўшы яе мэты за дасягнутыя.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя