Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў Сафіі Сапегі
Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў расіянкі Сафіі Сапегі на яе затрыманне, паведаміў БелаПАН адвакат Аляксандр Філановіч. Паводле яго слоў, абарона будзе дамагацца судовай праверкі законнасці затрымання Сафіі.
Адвакат таксама паведаміў, што сёння галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта павінна выставіць Сапезе абвінавачанне.
Грамадзянка Расіі Сафія Сапега, сяброўка журналіста Рамана Пратасевіча, была затрыманая 23 мая разам з ім пасля вымушанай пасадкі ў Менску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню.
У Беларусі Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. Ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб выдачы журналіста і ўнеслі яго ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Беларускія праваабаронцы прызналі Пратасевіча і Сапегу палітвязнямі.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей не выключыў, што Сапега пасля суда можа быць перададзеная для далейшага адбыцця пакарання ў Расею. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю газеце „Коммерсантъ”.
Беларускае Радыё Рацыя