Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле штраф удзельніку „Чарнобыльскага шляху”



Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле штраф удзельніку „Чарнобыльскага шляху — 2019” Аляксею Драбышэўскаму.

Як паведаміў БелаПАН Драбышэўскі, скаргу 21 чэрвеня разгледзеў суддзя Максім Лапко. „Я прыводзіў довады, што мяне неабгрунтавана затрымалі, але папярэдняе рашэнне пакінулі без змен”, — сказаў суразмоўнік.

16 траўня суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў Драбышэўскага на 15 базавых велічыняў (382,5 рубля) за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі „Чарнобыльскім шляху”. Рашэнне на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) вынесла суддзя Таццяна Ліннік.

Драбышэўскі на судзе паказаў, што не ведаў аб несанкцыянаваным характары акцыі. Папярэджанні супрацоўнікаў міліцыі пра гэта ўдзельнік акцыі, паводле яго слоў, не чуў.

Штогод 26 красавіка прадстаўнікі апазіцыі праводзілі „Чарнобыльскі шлях” — шэсце ў цэнтры Мінска, якое завяршалася мітынгам альбо ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы. Выключэннем сталі 2011 год, калі ўлады забаранілі шэсце, а таксама гэты год, калі арганізатары „Чарнобыльскага шляху” самі адмовіліся ад правядзення вулічнай дэманстрацыі з-за умоў, выстаўленых Мінгарвыканкамам. Гарадскія ўлады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку — 5.737 рублёў. У сувязі з адсутнасцю сродкаў аргкамітэт вырашыў адклікаць заяўку на правядзенне акцыі.

Нягледзячы на гэта, увечары 26 красавіка каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук сабралася прыблізна 30 чалавек, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”. Яны прайшлі па вуліцах Сурганава і Арлоўскай у парк Дружбы Народаў, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля ля храма ў гонар абраза Божай Маці „Спатоленне загінулых”.

Пасля шэсця больш як дзесяць актывістаў і палітыкаў былі аштрафаваныя, у тым ліку сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова, намеснік старшыні партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, эканаміст Сяргей Чалы, рэкламіст Юлія Ляшкевіч, святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій.

belapan.by