Суд не задаволіў скаргу журналіста tut.by



Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу журналіста парталу tut.by Паўла Дабравольскага на пастанову Фрунзенскага раённага суду, які прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаванні і хуліганстве ды пакараў штрафам у 45 базавых велічынь.

21C327B2-37C2-4565-BF8C-C815147C6CF3_mw1024_s_n

Скаргу разглядаў суддзя Валер Камісараў.

Павал Дабравольскі пракаментаваў рашэнне суда:

«Гэтае рашэнне для мяне не стала нечаканасцю. Бачна зноў, што гэта адзіная сістэма, Фрунзенскі раённы суд і гарадскі, гэта нават адзіны будынак. Буду абскарджваць гэтую пастанову. Спачатку падам наглядную скаргу на імя старшыні гарсуду, калі не дапаможа — у Вярхоўны суд».

У сваёй скарзе Павал Дабравольскі даводзіў, што пратаколы ягоных нібыта правапарушэнняў аб непадпарадкаванні і хуліганстве супярэчылі адзін аднаму. Таксама журналіст звярнуў увагу гарсуду на тое, што Фрунзенскі суд не дапытаў сведак інцыдэнту Паўла Сяргея ды іншых — сведчанні давалі толькі міліцыянты.

«Атрымліваецца, што суддзя Камісараў стаў удзельнікам таго злачынства, якое адбылося супраць мяне ў гэтым будынку 25 студзеня», — сказаў Павал Дабравольскі.

* * *

Менскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага. Слуханні пачнуцца а 15-й гадзіне паводле беларускага часу. Дабравольскі просіць адмяніць прысуд першай інстанцыі. Ён спасылаецца на тое, што ранейшы суд адмовіўся слухаць сведак з ягонага боку. Акрамя таго, у судовай пастанове шмат нестыковак, паводле журналіста — некаторыя сказы проста супярэчаць іншым.

— Самае галоўнае, калі я адной рукой здымаў на мабільны тэлефон, а другой рукой заваліў 2 амапаўцаў, дык гэта фізічна немагчыма. Некаторыя сказы там узаемавыключальныя. Гэты прысуд вынесены наўпрост са словаў тых міліцыянтаў, якія нас збівалі.

Разам з тым Дабравольскі кажа, што гатовы да любога рашэння суда і падкрэслівае, што гэты судовы працэс не ставіць кропку на ўсей сітуацыі. У Следчым камітэце далей раследуюць абставіны ягонага збіцця. Каля месяца таму журналіста затрымалі ў будынку суда Фрунзенскага раёну Менску, збілі, а потым аштрафавалі, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя