Менскі гарадскі суд вынес прысуд аўтарам Regnum



Сяргей Шыпценка і Дзмітрый Алімкін, двое з трох фігурантаў справы беларускіх аўтараў расейскіх інфармацыйных рэсурсаў, дакладна будуць абскарджваць у Вярхоўным судзе Беларусі прыгавор, вынесены 2 лютага Менскім гарадскім судом, каб дамагчыся апраўдання. Пра гэта яны заявілі журналістам пасля заканчэння працэсу.

Ці будзе абскарджваць прысуд трэці фігурант Юрый Паўлавец, пакуль не вызначана.

Паўлавец, у адрозненне ад двух іншых абвінавачаных, папрасіў журналістаў не „прыставаць” да яго з пытаннямі і просьбамі аб каментары і хутка пакінуў суд са сваёй сям’ёй.

Алімкін на пытанне БелаПАН, ці будзе ён далей пісаць, заявіў: „З бяспечнай адлегласці”.

Шыпценка сказаў журналістам, што „не адчувае сябе раздушаным”, будзе і далей выказваць сваё меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца. „Мяркую, што наш працэс стане крокам да змены сітуацыі ў лепшы бок”, — заявіў ён.

Прадстаўнік пракуратуры Аляксандр Кароль пасля заканчэння працэсу ў размове з журналістамі адзначыў, што задаволены прыгаворам, бо суд пагадзіўся з меркаваннем дзяржаўнага абвінавачання.

2 лютага Менскі гарадскі суд прыгаварыў трох беларускіх аўтараў расейскіх інфармрэсурсаў „Регнум”, „Лента.ру” і „Евразия Дейли” да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на тры гады і вызваліў іх з-пад варты.

Выкладчык БДУІР кандыдат гістарычных навук Юрый Паўлавец, галоўны рэдактар часопіса „Новая экономика” Сяргей Шыпценка і вартаўнік з Берасця Дзмітрый Алімкін прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб).

Суд спыніў вытворчасць у дачыненні да Шыпценкі і Паўлаўца на падставе ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) у сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства.

Да ўваходжання прысуду ў законную сілу абвінавачаныя будуць знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Яе яны далі пасля вызвалення.

На выхадзе з залы суда фігурантаў сустракалі журналісты, сваякі, прыхільнікі левых партый і патрыятычных рухаў. Хтосьці з іх паспрабаваў пляскаць у далоні, але яго не падтрымалі.

belapan.by