Менскі карона-Poker Face



Нягледзячы на бравурныя афіцыйныя заявы кіраўніцтва Беларусі і падрыхтоўку да парада 9 траўня, унутры сферы аховы здароўя ідзе латэнтная падрыхтоўка да мажлівай мабілізацыі ўсіх кадраў для патрэбаў барацьбы з каронавірусам.

Актуальны стан мераў і падзей на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

Медычныя супрацоўнікі Менску абмяркоўваюць праект унутранага загаду, які абавязвае ўсіх спецыялістаў паліклінік перайсці да выканання абавязкаў тэрапеўтаў, каб прымаць хворых з тэмпературай. Прычым у сітуацыі, калі лекар сам захварэе на лёгкую форму каронавіруса – выхад на бальнічны не прадугледжаны. Такое імавернае абмежаванне правоў медыкаў з’яўляецца прыкметай падрыхтоўкі ўвядзення рэжыму ў Беларусі, падобнага да ваеннага становішча.

З 14 красавіка па 31 мая выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту ў Менску дадзена магчымасць весці ўсе заняткі дыстанцыйна.

На рынку сталічнай нерухомасці адзначаецца рост цікаўнасці да складскіх памяшканняў, паколькі бізнес пачынае грунтоўна сыходзіць у анлайн-прастору з дастаўкай на дом. Усё больш менчукоў на вуліцах апранаюць ахоўныя маскі.

У вечаровы час вуліцы з большага бязлюдны.

Беларускае Радыё Рацыя