Менскі суд адзначыў Дзень волі чарговымі штрафамі (абноўлена)



У Цэнтральным раённым судзе Менска праходзяць суды за пікеты салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, асуджанай у Расеі на 22 гады турмы, паведамляе „Радыё Свабода”.

Уладзімір Шыпіла аштрафаваны на 20 базавых велічынь (гэта 4 мільёны 200 тысяч рублёў).

Галіна Лукашэвіч атрымала найменшы за сёння штраф — 10 базавых (2 мільёны 100 тысяч рублёў).

Наталля Саматыя пакараная 15 базавымі велічынямі. «Я ўсё роўна павіншавала суддзю з 25 сакавіка, і ён мяне таксама», — сказала Наталля.

Зміцер Захарэвіч мае запраціць 4 мільёны 200 тысяч рублёў. «Прысуду чакаў, ведаючы нашу судовую сістэму, але ўсё ж разлічваў на меншы штраф, бо для мяне гэта вялікія грошы», — сказаў Захарэвіч.

Наталля Гарачка-Басалыга, вядомая як назіральніца, якая не паднялася ў прысутнасці Лукашэнкі, аштрафаваная на 20 базавых велічынь – гэта 4 мільёны 200 тысяч рублёў. Гарачка заявіла: «Я стаяла асобна з украінскім сцягам, пра які ніводзін сведка-міліцыянт не ўзгадаў, а таксама пераблыталі час. Карацей, хлусілі, як заўсёды».

Актывіста Яўгена Батуру аштрафавалі на 15 базавых велічынь – гэта 3 мільёны 150 тысяч беларускіх рублёў.

«Гэта за гадзіну пікету», – пракаментаваў Яўген Батура.

Актывіст, якога пачалі судзіць сярод першых, заявіў суду, што 9 сакавіка скарыстаўся сваім правам на вольнае выказванне меркаванняў, а таксама яго натхнілі словы Святланы Алексіевіч, якая падтрымала Саўчанку. Адметна, што суддзя Іван Майсейчык, які судзіць Яўгена Батуру, вядзе працэс цалкам па-беларуску.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», позвы ў суд атрымалі актывісты Наталля Махнач, Рыгор Чэркан, Наталля Басалыга, Яўген Батура, Галіна Лукашэвіч, Вольга Мікалайчык, Уладзімір Шыпіла, Наталля Міцкевіч, Наталля Саматыя і Алег Гаеўскі.

* * *

Сёння  ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разгледзяць адміністрацыйныя справы супраць актывістаў, якія пікетавалі расейскую амбасаду ў Менску з патрабаваннем вызваліць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Акцыя праходзіла 9 сакавіка. На многіх удзельнікаў пікету міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», позвы ў суд ужо атрымалі  дзесяць актывістаў. Гэта:

Наталля Махнач, пачатак разгляду справы ў 10-00, каб. 305;

Рыгор Чэркан, пачатак у 10-00, каб. 406;

Наталля Басалыга, пачатак у 10-00;

Яўген Батура, пачатак у 10-00. каб. 407;

Галіна Лукашэвіч, пачатак у 11-00, каб. 207;

Вольга Нікалайчык, пачатак у 11-00;

Уладзімір Шыпіла, 11-00, каб. 406;

Наталля Міцкевіч, 10-00,

Наталля Саматыя, 12-00, каб 305;

Алег Гаеўскі, 10-00, каб. 201.

Як паведаміў ПЦ „Вясна” адзін з удзельнікаў пікету, пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП складаліся таксама і на іншых актывістаў, аднак ці атрымалі яны позву ў суд – пакуль невядома.

Паводле spring96.org