Менскі суд не задаволіў скаргу незалежнага журналіста з Гародні
Скаргу незалежнага журналіста з Гародні Вітаўта Парфёненкі ў Менскім гарадскім судзе не задаволілі.
Нагадаем, сябра БАЖ скардзіўся ў гарадскі суд на Ленінскі раённы суд беларускай сталіцы, які ў сваю чаргу палічыў немагчымым задаволіць скаргу Парфёненкі на Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Журналіст атрымаў ад беларускага дыпламатычнага ведамства ўжо 7 адмоў у журналісцкай акрэдытацыі:
– Заслухалі мяне, заслухалі прадстаўніка ад Беларускай асацыяцыі журналістаў – юрыста, які прадстаўляў мае інтарэсы. Яны палічылі правільным, што Ленінскі раённы суд па прачыне непадведамственасці адмовіўся разглядаць маю скаргу ў дачыненні да МЗС. Іншымі словамі яны прызналі, што іншых спосабаў апрача судовых не існуе, як абскарджваць такую справу. Акрамя Канстытуцыі існуюць прававыя міжнародныя дакументы, якія падпісала Беларусь, якія даюць права мне, як грамадзяніну Беларусі, атрымліваць, распаўсюджваць інфармацыю, акрэдытавацца.
Да сваёй справы Віктар Парфёненка прыклаў прыклад Марыны Коктыш, якая год таму атрымала адказ камітэта па правах чалавека ААН з прызнаннем неакрыдытацыі журналісткі пры МЗС – парушэннем нормаў міжнароднага права.
Шлях Марыны Коктыш і збіраецца паўтарыць Віктар Парфёненка, які зараз будзе чакаць матэрыялы сваёй справы з Ленінскага суда Менска. Раней журналіст падаваў скаргі на Міністэрства замежных спраў у розныя інстанцыі, у тым ліку ў беларускі ўрад, але адусюль яму ў адказ прыходзілі адпіскі.
Беларускае Радыё Рацыя