Менскі ўрбаністычны часопіс распачаў новы сезон



Аўтары праекта «Менскі ўрбаністычны часопіс» зрабілі пэўныя змены ў сваю дзейнасць і падыходы, але галоўныя задачы засталіся ранейшымі – спрыяць даследаваннямі, тэкстамі, дыскусіямі паляпшэнню гарадскога асяроддзя, паспяхова спраўляцца з праблемамі ўрбаністычнай прасторы, заахвочваць жыхароў далучацца да вырашэння набалелых пытанняў у доме, двары, раёне.

Сёлета «Менскі ўрбаністычны часопіс» вызначыў і прыярытэтную тэму, кажа яго рэдактар Андрэй Ваз’янаў:

– Мы абралі тэму года, і на гэтую тэму будзе недзе палова нашых тэкстаў. Так вось мы плануем, спадзяемся. Гэтая тэма – самаарганізацыя і самакіраванне жыхароў шматкватэрных жылых будынкаў – таварыствы, кааператывы, ЖЭСы. Будзем разбірацца, якія мадэлі добра працуюць, якія менш удалыя, што можна змяняць. І нашыя тэмы, якія нас раней цікавілі: справядлівасць гарадскога асяроддзя, безбар’ернасць, даступнасць, экалагічнасць.

Часопіс даступны ў інтэрнэце па адрасе urbanist.by. Сёлета рэдакцыя Менскага ўрбаністычнага часопіса запусціла і ўласны тэлеграм-канал, у якім будуць аператыўныя каментары на тэму гарадскога жыцця і спрошчаныя варыянты тэкстаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск Фота: www.facebook.com