Менскіх беспрацоўных плануюць прыцягваць да прыбірання лясоў і паркаў
Менскіх беспрацоўных плануюць прыцягваць да прыбірання лесапаркавых тэрыторый, паведаміў 29 сакавіка на прэс-канферэнцыі дырэктар УП «Менская лесапаркавая гаспадарка» Павел Багданчык.
Паводле яго слоў, „прадпрыемства праводзіць актыўную працу па прыцягненні грамадзян да грамадскіх работ, якія аплачваюцца”. Ён паведаміў, што з 30 сакавіка па 30 красавіка плануецца прыцягнуць 20 чалавек для працы ў Ждановіцкім лясніцтве. „Яны будуць прыбіраць смецце ўздоўж дарог, прыбіраць лес, неліквіднае галлё. Потым мы паглядзім, як гэтую працу працягнуць”, — сказаў Багданчык.
На пытанне, ці вядуцца работы па прывядзенні ў парадак тэрыторый лесу, пашкоджаных леташнім ураганам, спецыяліст адказаў, што ля пасёлка Сосны праведзеныя суцэльныя санітарныя высечкі на плошчы большай за 110 гектараў. „На частцы плошчы яшчэ ўвосень былі высаджаныя саджанцы для аднаўлення лесу. Цяпер мы актыўна працягваем гэтую працу. Новыя культуры будуць створаныя на ўсёй раней пашкоджанай тэрыторыі”, — дадаў ён.
Як паведамлялася, 22 сакавіка на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менгарвыканкама — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Таццяна Кудзевіч паведаміла, што з наймальнікамі сталіцы заключаныя 74 дагаворы на прыцягненне беспрацоўных і ўсіх ахвотных на грамадскія работы, якія аплачваюцца. Сярэдняя зарплата складае 12—15 рублёў у дзень. Сярод наймальнікаў сталічны заапарк, батанічны сад, раённыя і гарадское прадпрыемства „Зелянбуд”, спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання. З пачатку года на грамадскія работы, якія аплачваюцца, уладкавана прыблізна тысяча чалавек.
„Мы праводзім вялікую працу па пашырэнні пераліку арганізацый для прыцягнення на грамадскія працы і часовае працаўладкаванне. У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы мы імкнёмся як мага больш непрацоўных грамадзян прыцягнуць не толькі да пастаяннай, але і да часовай працы”, — падкрэсліла прадстаўнік Менгарвыканкама.